Камітэт Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША праводзіць слуханьні з удзелам выканаўцы абавязкаў дырэктара Нацыянальнай выведкі.
Пасьля тэлефоннай размовы паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім высокапастаўленыя прадстаўнікі адміністрацыі распарадзіліся закрыць доступ да ўсіх дадзеных аб размове.
Пра гэта стала вядома са скаргі супрацоўніка выведкі, якую ў чацьвер апублікаваў Камітэт у справе выведкі Палаты прадстаўнікоў.
Паводле словаў інфарматара, ён даведаўся пра гэта ад «шматлікіх афіцыйных асобаў».
У чацьвер Камітэт праводзіць слуханьні, прысьвечаныя скарзе і дэталям тэлефоннай размовы, у якой Трамп заклікаў ўкраінскага лідэра правесьці расьсьледаваньне адносна свайго палітычнага суперніка, дэмакрата Джо Байдэна.
Трамп настойвае, што не зрабіў нічога заганнага. Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі абвясьціла аб пачатку афіцыйнага расьсьледаваньня для імпічмэнту.
Раней у чацьвер Камітэт апублікаваў тэкст скаргі з купюрамі:
«У працэсе выкананьня маіх афіцыйных абавязкаў, я атрымаў інфармацыю ад шмат каго з супрацоўнікаў Ураду, што прэзыдэнт Злучаных Штатаў выкарыстоўвае свае ўладныя паўнамоцтвы, каб прасіць аб умяшаньні замежнай дзяржавы ў амэрыканскія выбары-2020. Умяшаньне ўключае, разам з іншым, аказаньне ціску на замежную дзяржаву, каб яно правяло расьсьледаваньне аднаго з галоўных мясцовых супернікаў прэзыдэнта. Асабісты адвакат прэзыдэнта містэр Рудольф Джуліяні — цэнтральная фігура ў гэтых намаганьнях. Складваецца ўражаньне, што ў гэта уцягнуты і генпракурор Бар», — гаворыцца ў тэксьце.
«Я не непасрэдны сьведка ўсіх апісаных падзей. Аднак я лічу дакладнымі расказы маіх калег пра гэтыя падзеі, паколькі, амаль ва ўсіх выпадках, шматлікія афіцыйныя асобы ўспаміналі фактычныя заканамернасьці, якія ўзгадняліся адзін з адным. У дадатак, разнастайная інфармацыя, якая супадае з гэтымі прыватнымі сьведчаньнямі, была ў публічным доступе».
Заканадаўцы пачалі вывучаць засакрэчаную вэрсію дакумэнта ў сераду ўвечары, а ў чацьвер у Камітэце выступіць в. а. дырэктара Нацыянальнай выведкі Джозэф Магуайр. Дэмакраты, якія азнаёміліся са зьместам дакумэнту, адзначаюць, што ён выклікае «вялікую занепакоенасьць».
Як чакаецца, Магуайр не расчыніць вялікай колькасьці дэталяў пра зьмест скаргі, аднак дэмакраты разьлічваюць, што ён растлумачыць, чаму яе так доўга хавалі ад Кангрэсу.
Выступаючы перад кангрэсмэнамі, Джозэф Магуайр пагадзіўся, што скарга інфарматара мае важнае значэньне, і таму ён пагадзіўся з пазыцыяй генэральнага інспэктара, што яна павінна быць даведзена да ведама заканадаўцаў.
Выканаўца абавязкаў дырэктара Нацыянальнай выведкі запэўніў кангрэсмэнаў, што правы інфарматара павінны быць цалкам абароненыя ў адпаведнасьці з законам. Магуайр сказаў, што яму невядомая нейкая іншая выкрывальная скарга ў амэрыканскай гісторыі, якая б «закранала такія складаныя і далікатныя пытаньні».
«Я лічу, што гэта беспрэцэдэнтная справа», — сказаў ён.
Асоба сакрэтнага агента не раскрываецца. Слуханьні па гэтым пытаньні ў камітэце Палаты прадстаўнікоў працягваюцца.
Пазьней у чацьвер Магуайр павінен будзе адказаць на пытаньні заканадаўцаў на закрытым пасяджэньні сэнацкага Камітэту ў справе выведкі.
У сераду Белы дом апублікаваў расшыфроўку размовы Трампа і Зяленскага.