Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўскага фэрмэра аштрафавалі за «незаконна выкапанае возера»


«Нелегальнае возера» на фэрме пад Барысавам, якой валодае Іван Сягоднік. Фота: Павал Сьляпухін, ex-press.by
«Нелегальнае возера» на фэрме пад Барысавам, якой валодае Іван Сягоднік. Фота: Павал Сьляпухін, ex-press.by

Уладальнік фэрмэрскай гаспадаркі пад Барысавам Іван Сягоднік павінен заплаціць больш за 18 тысяч рублёў штрафу за возера на ягоным полі, расказвае Ex-press.by.

У 2016 годзе мясцовыя ўлады прызнавалі пабудовы на ягонай зямлі незаконнымі — загадалі зьнесьці стайню і бытоўкі, але рашэньне ён аспрэчыў у судзе. Івану Сягодніку таксама загадалі закапаць возера, якое ўтварылася, калі зямля яшчэ належала гораду — грунт бралі для пабудовы дамбы. За тое, што не закапаў вадаём зімой, яму выпісалі штраф у 1 млн недэнамінаваных рублёў, але суд той штраф скасаваў.

Праз пэўны час за справу ўзялася інспэкцыя прыродных рэсурсаў, якая падала пазоў у Менскі абласны эканамічны суд. Фэрмэр сьцьвярджае, што пра штраф у 18 633 рублі даведаўся толькі пасьля суду ад падатковага інспэктара, які паведаміў, што ягоныя рахункі заблякаваныя. Таму абскардзіць штраф ён не пасьпеў.

Суседзі сабралі больш за 200 подпісаў у падтрымку Сягодніка. Падтрымкі ў мясцовых уладаў ён не знайшоў, стайню ўжо разабраў. Але спадзяецца на дапамогу памочніка прэзыдэнта, інспэктара па Менскай вобласьці Ігара Яўсеева — той выслухаў фэрмэра на сустрэчы з грамадзянамі і сказаў, што «калі возера нікому не замінае, яго трэба пакінуць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG