Аляксандар Лукашэнка абурыўся фатаздымкамі ягад, выкінутых жыхарамі Лунінецкага раёну. Як паведамляе тэлеканал «Беларусь-1», ён паставіў задачу «Белкаапсаюзу» і Міністэрству антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) разабрацца зь цяжкасьцямі са збытам ураджаю салодкіх ягад, на якія наракаюць людзі.
Празь небывалы ўраджай трускалак у паўднёвых рэгіёнах Беларусі некаторыя фэрмэры адмовіліся здаваць скупшчыкам ураджай па «зьдзеклівай цане» — у некаторых выпадках па 20 капек за кіляграм. Бываюць выпадкі, што гаспадары іх проста выкідваюць.
Але чыноўнікі запэўніваюць, што ў рэальнасьці сытуацыя не зусім такая. Паводле старшыні праўленьня «Белкаапсаюзу» Валерыя Іванова, арганізацыя гатова закупляць трускалкі без абмежаваньняў. І дадаў, што цана куды больш прывабная, чым прапануюць прыватныя нарыхтоўшчыкі.
«Мы закупляем ад 1 рубля 20 капеек, залежна ад паставак і колькасьці, — сказаў ён. — Увогуле цана канкурэнтная, часам даходзіць да 2 рублёў. Ёсьць дробныя гатункі, якія на прылаўкі, вядома, не паставіш, іх выкарыстоўваем у вінаробстве. Таму і кошт значна ніжэйшы — 30 капеек за кіляграм».
Намесьніца начальніка ўпраўленьня арганізацыі гандлю і грамадзкага харчаваньня МАРГ Беларусі Натальля Мельнікава запэўніла, што ведамства пільна сочыць за цэнавай сытуацыяй на рынку.
«У рэжыме відэаканфэрэнцыі праведзена сустрэча з прадстаўнікамі гандлёвых сетак, упраўленьняў гандлю, аблвыканкамаў, Менскага гарвыканкаму, прадстаўнікамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня менавіта ў пытаньнях рэалізацыі трускалак. Аналіз сытуацыі, якая склалася ў краіне, паказаў, што праблемных пытаньняў з пастаўкамі і рэалізацыяй ягад няма».
Раней лунінецкія гандляры казалі Свабодзе, што паласавацца беларускімі трускалкамі можна будзе яшчэ тыдзень-два. Потым сэзон скончыцца і на паліцах крамаў застануцца толькі замежныя, з цаной, большай у дзесяць разоў.