Рэпкаўскі раённы суд Чарнігаўскай вобласьці аштрафаваў грамадзяніна Беларусі на 3400 грыўняў (130 даляраў ЗША ў эквіваленце) за спробу незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы.
Як адзначаецца ў судовым рашэньні, беларуса затрымалі ўвечары 25 чэрвеня за 30 мэтраў ад украінска-беларускай мяжы — ён ішоў па чыгуначным палатне ў кірунку да чыгуначнай плятформы «Краўцоўка» (Гомельская вобласьць).
Як грамадзянін Беларусі патлумачыў свае дзеяньні, невядома, бо на судовае пасяджэньне ён не зьявіўся.
Апроч штрафу, беларус мусіць таксама сплаціць 384 грыўні судовага збору. У выпадку адмовы сплаціць штраф грошы спагоняць прымусова ў падвойным памеры.
У Беларусі незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы — крымінальнае злачынства, якое згодна з Крымінальным кодэксам караецца як штрафам, так і пазбаўленьнем волі на тэрмін да пяці гадоў, а калі зьдзейсьнена групаю асобаў — то да сямі гадоў пазбаўленьня волі.
Ва Ўкраіне такія дзеяньні рэгулююцца Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэньнях і караюцца штрафам ад 3,4 да 8,5 тысячы грыўняў, або арыштам на 10–15 дзён з канфіскацыяй сродку, які быў выкарыстаны для перасячэньня мяжы.
Ва Ўкраіне затрымліваюць і ўкраінцаў за спробу незаконна перайсьці мяжу ў кірунку Беларусі. Найчасьцей такое бывае летам, калі згодна з дамоўленасьцямі паміж Беларусьсю і Ўкраінай пачынае дзейнічаць спрошчаны сэзонны рэжым пропуску грамадзян на беларускую тэрыторыю — зьбіраць ягады. Сёлета першы этап такога спрошчанага рэжыму будзе дзейнічаць з 1 ліпеня да 10 жніўня.