Кітайскі дзяржаўны міжнародны тэлеканал CCTV4 у перадачы «Іншаземцы ў Кітаі» расказаў пра жыцьцё сям’і амбасадара Беларусі Кірылы Рудога, а таксама пра ўдзел беларускай каманды ў конкурсе нацыянальных касьцюмаў сярод амбасадаў.
Пра сям’ю Рудых апавядалі цягам 26 хвілінаў. Рэпартаж быў апублікаваны яшчэ 28 красавіка, але пра яго ў Беларусі яшчэ не паведамлялі.
Спачатку паказалі, як старэйшы сын Антон сьпявае па-кітайску ў час падрыхтоўкі да конкурсу, і ўзялі ў яго інтэрвію. Антон Руды на кітайскай мове расказаў, што размаўляе па-расейску, па-ангельску і па-кітайску, а таксама крыху па-беларуску. Як затым сказала ягоная маці, ён стаў даволі свабодна размаўляць па-кітайску праз паўгода ў пэкінскай школе, хоць да таго «ня ведаў ніводнага слова».
Паказалі таксама Рудога з жонкай і дзецьмі на рынку — сын Антон дапамагаў ім з шопінгам у тым ліку перакладам словаў, зьвязаных з пакупкамі. Затым паказалі жытло Рудых у Пэкіне — дома сям’я амбасадара гатавала галубцы.
Кірыл Руды, які даваў інтэрвію на ангельскай мове, расказаў: ён перакананы, што ў сучасным сьвеце веданьне кітайскай мовы раўназначнае валоданьню кампутарам, зь ім «можна знайсьці працу ў любой краіне сьвету».
У перадачы таксама паказалі выступ Кірыла Рудога перад кітайскімі студэнтамі, якія, як сьцьвярджаецца ў рэпартажы, вывучаюць беларускую мову. Амбасадар прамаўляў па-расейску.
У конкурсе браў уздел таксама малодшы сын дыплямата Ільля і іншыя дзеці ў беларускіх строях. У рэпартажы паказалі выступ толькі пад музыку на кітайскай мове. Беларуская каманда атрымала ад журы высокія адзнакі і ўзяла першае месца. Другое месца заняла каманда Малайзіі, трэцяе — Расеі.
Кірыл Руды год таму заклікаў правільна называць Беларусь па-кітайску — 白罗斯, а не 白俄罗斯 (дзе першы герогліф значыць «белы», другі — «расейскі»), але ў субтытрах да ягонай парады не прыслухаліся і называлі краіну «па-старому».