Кожны дзясяты студэнт БДУ — замежнік, кожны другі з гэтых замежнікаў — кітаец. Лі Туньмань гатовы плаціць за беларускую адукацыю ў 6 разоў больш, чым за кітайскую. А беларуска Дзіяна абрала асьпірантуру ў Кітаі. Свабода распытала, навошта моладзі вучыцца за мяжой.
Сьцісла:
- Кітайскія школьнікі зь дзіцячага садка рыхтуюцца да паступленьня ва ўнівэрсытэт. Калі не паступіш, знайсьці працу з добрым заробкам будзе цяжка.
- Навучаньне ў БДУ для замежных студэнтаў каштуе 4250 даляраў на год. Гэта ў шэсьць разоў даражэй, чым Лі Туньмань плаціў за адукацыю ў Кітаі.
- На кітайскім працоўным рынку высока цэняць адукацыю і вопыт працы за мяжой. У такім выпадку больш шанцаў знайсьці лепшую працу. Таму кітайцы гатовыя плаціць за адукацыю больш.
- Каб «прадаць» сябе як спэцыяліста на эўрапейскім працоўным рынку, важна быць унікальным. Напрыклад, біёлягам зь веданьнем ангельскай, расейскай і кітайскай моваў.
Туньмань з Наньяна
Лі Туньмань ужо тры гады вучыцца на факультэце міжнародных адносінаў БДУ. У Беларусі ён вывучае ўсясьветную эканоміку.
«Ад факультэту да маёй кватэры — пяць хвілінаў пешшу», — кажа ён. Туньмань наймае двухпакаёвую кватэру ў адной зь вежаў «Брамы гораду» непадалёк ад будынку ФМА і чыгуначнага вакзалу.
Туньманю 23 гады. У Беларусь ён прыехаў з кітайскага гораду Наньян. «У маім горадзе жыве больш людзей, чым ва ўсёй Беларусі (10,1 млн чалавек. — РС)», — усьміхаецца ён.
Туньмань адвучыўся два гады на філялёгіі ў Кітаі, а потым паступіў у БДУ.
«За вучобу ў Беларусі плачу ў шэсьць разоў больш, чым у Кітаі»
Маці Туньманя працуе судзьдзёй, а бацька — інжынэрам.
«Яны цалкам падтрымліваюць маё рашэньне вучыцца за мяжой. Па-першае, я атрымліваю карысны досьвед. Па-другое, вучу новую мову. На працоўным рынку гэта вельмі цэніцца», — кажа хлопец.
Вучыцца ў БДУ каштуе 4250 даляраў на год. У Кітаі за навучаньне і інтэрнат Туньмань плаціў 700 даляраў на год.
«За вучобу ў Беларусі я плачу ў шэсьць разоў больш, чым у Кітаі. Аднак з усіх эўрапейскіх краінаў навучаньне ў Беларусі самае таннае. Да таго ж эканамічныя адносіны Беларусі з Кітаем інтэнсіўна разьвіваюцца. У тым жа індустрыяльным парку „Вялікі камень“ шмат кітайскіх кампаній і інвэстыцый. Думаю, у Беларусі будзе магчымасьць працаўладкавацца», — адказвае Лі Туньмань на пытаньне, навошта плаціць больш.
«Самае цяжкае — вучыць мову»
Каб паступіць у беларускі ўнівэрсытэт, Туньмань здаваў толькі іспыт па расейскай мове.
«У вучобе для мяне самае складанае — замежная мова. Гэта доўгі і марудны працэс, але надзвычай цікавы. Пакуль мне бракуе слоўнага запасу, каб свабодна весьці гутарку», — кажа Туньмань.
Замежныя і беларускія студэнты вучацца па аднолькавай праграме, патрабаваньні да іх таксама аднолькавыя.
«Ня кожны беларускі студэнт уключаецца ў матэрыял, які даюць на парах. А мне яшчэ цяжэй. Праўда, я адзіны з кітайскіх студэнтаў, хто здаў іспыт па міжнародным мэнэджмэнце. Але гэта было няпроста», — усьміхаецца Туньмань.
У Беларусі студэнты могуць вучыцца ў дзьве зьмены. Кітайскаму студэнту гэта падаецца нязручным. «Да абеду сьпіш, робіш нейкія справы, абедаеш — і ўжо пачынаюцца заняткі, — кажа ён. — У Кітаі вучоба пачынацца а 8-й раніцы і сканчаецца часам а 8-й увечары, але будуць вялікія перапынкі на абед і адпачынак».
«У Кітаі за абед я аддаю адзін даляр, а ў Беларусі — 4–5»
Зь беларускай кухняй у Туньманя ня склалася. Таму хлопец стараецца гатаваць дома і часам ходзіць па аўтэнтычную локшыну ў кітайскую рэстарацыю «Дао» на плошчы Перамогі.
А вось пра Кітай яму нагадваюць менскія гандлёвыя цэнтры.
«Я хаджу туды, бо там шмат людзей, як і ў Кітаі. Аднак у Беларусі ўсё даражэйшае. Напрыклад, у Кітаі за абед я аддаю адзін даляр, а ў Беларусі — 4–5», — кажа ён.
У Беларусі Туньманю падабаецца чыстае паветра, прырода і людзі, аднак жыць ён хоча ў Кітаі.
«У Кітаі мне больш камфортна: родныя і сябры побач, ёсьць мора і горы, больш звыклая ежа. Аднак з адукацыяй і вопытам працы за мяжой там прасьцей знайсьці добрую працу. Таму пасьля магістратуры я б хацеў папрацаваць у Беларусі, а потым вярнуцца ў Кітай», — кажа Туньмань.
Дзіяна зь Менску
Дзіяна Рэзьнікава вучыцца на першым курсе асьпірантуры Хэнаньскага ўнівэрсытэту ў горадзе Кайфэн на спэцыяльнасьці «малекулярная біяфізыка». Дзяўчына прыехала на зімовыя вакацыі ў Беларусь упершыню за апошнія паўтара года.
Пасьля школы дзяўчына вырашыла паступаць у БДУ на біялягічны факультэт, калі зьявілася новая спэцыяльнасьць «біяхімія». А каб разнастаіць жыцьцё, вырашыла вывучыць новую мову.
«У Эўропе шмат біёлягаў гавораць па-ангельску. Мне хацелася быць запатрабаванай, таму абрала кітайскую. Меркавала, што зь веданьнем расейскай, ангельскай і кітайскай моваў стану ўнікальным спэцыялістам», — кажа Дзіяна.
Выклік прыняты — Дзіяна пайшла на курсы кітайскай у інстытут Канфуцыя пры БДУ і адвучылася там два гады. Тады зьявілася ідэя павучыцца ў асьпірантуры ў Кітаі.
«Проста працуй больш»
На трэцім курсе Дзіяна прайшла адбор для міжнароднага абмену БДУ з Кітаем і паехала на год вучыцца ў Пэкін.
«Мне спадабалася краіна, і я вырашыла зьвязаць пяць гадоў жыцьця з асьпірантурай у кітайскім унівэрсытэце», — кажа Дзіяна.
Каб паступіць у асьпірантуру, трэба здаць кваліфікацыйны іспыт па кітайскай мове — так званы HSK.
«На побытавым узроўні мая кітайская добрая, а вось з тэрміналёгіяй бывае цяжкавата, — кажа дзяўчына. — Часам думаю: навошта для аднаго слова так шмат герогліфаў? Аднак мой кітайскі прафэсар вельмі падтрымлівае мяне, бо сам вучыўся ў Іране. Ён кажа: «Я разумею, што табе складана. У Іране я прачынаўся а 5-й раніцы, клаўся а 1-й ночы. Усё можна здаць. Проста працуй больш!»
Дзіяна атрымлівае дзяржаўную стыпэндыю, якая цалкам пакрывае навучаньне ва ўнівэрсытэце, пражываньне, мэдычную страхоўку. На кішэнныя выдаткі і ежу яна штомесяц атрымлівае 500 даляраў.
У сярэднім вучоба ў кітайскім унівэрсытэце можа абысьціся беларусу ў 6000 даляраў на год, але ўсё залежыць ад гораду і прэстыжнасьці навучальнай установы.
«Ва ўнівэрсытэце кітайцы „забіваюць“ на вучобу»
Да паступленьня ва ўнівэрсытэт кітайскія школьнікі рыхтуюцца зь дзіцячага садка. У шэсьць гадоў дзеці ўжо ходзяць да рэпэтытараў.
«Калі ў дзесяцігадовага дзіцяці запытацца, якое ў яго хобі, ён адкажа: „Выконваць хатнія заданьні“. Яно і зразумела: шмат людзей, высокая канкурэнцыя. Калі кітаец не паступіць ва ўнівэрсытэт, то знайсьці добрую працу з высокім заробкам будзе амаль нерэальна», — кажа Дзіяна.
Аднак тое, што кітайцы вельмі працавітыя — стэрэатып.
«Так, у школе кітайцы вучацца ўвесь час, а калі паступаюць ва ўнівэрсытэт, „забіваюць“ на вучобу. На вучобе яны могуць праседзець ад 8-й раніцы да 8-й вечара. Але за гэты час кітайцы зробяць вялікі перапынак на сон, абед і адпачынак. Фізычная прысутнасьць на парах — гэта найперш праява павагі да выкладчыка», — кажа дзяўчына.
На занятках кітайцы трымаюць сваю думку пры сабе, нават калі добра падрыхтаваліся. «Кітайцы вераць, што пярэчыць куратару нельга. Спрачацца ці задаваць пытаньні яны ня будуць», — кажа Дзіяна.
«Муж і жонка ня могуць жыць разам у студэнцкім інтэрнаце»
Для студэнтаў ёсьць інтэрнаты розных тыпаў. Кітайцы жывуць і па 8 чалавек у адным пакоі. Замежныя студэнты — па 2–4 чалавекі. Мужчынскія і жаночыя інтэрнаты строга падзеленыя. Нават пара ў шлюбе ня можа жыць у адным пакоі.
«У мяне прывілеяваныя ўмовы. Я жыву ў асобным пакоі з душам-прыбіральняй і кухняй на паверсе. Гэта таму, што я асьпірантка», — кажа Дзіяна.
Адна з цяжкасьцяў перабываньня ў Кітаі для замежніка — закрыты інтэрнэт. Каб абыйсьці блякаваньне, трэба ўсталяваць VPN, хоць гэта, вядома, незаконна.
Кожны звыклы для беларусаў інтэрнэт-сэрвіс, кшталту Youtube ці сацыяльных сетак, мае кітайскія аналягі. Самы распаўсюджаны сэрвіс у Кітаі — WeChat.
«Да WeChat-гаманца ёсьць магчымасьць прывязаць картку і плаціць у крамах ці кавярнях з тэлефона. Скануеш код — праходзіць аплата. Зручна, бо ня трэба з сабою насіць ні наяўныя грошы, ні картку», — кажа Дзіяна.
«Адкуль ты?»
Часьцей за ўсё, калі Дзіяна падарожнічала па Кітаі, у цягніках у яе пыталіся: «Адкуль ты?» «Зь Беларусі», — адказвала яна. У яе перапытвалі: «З Расеі?» Беларусь блытаюць з Расеяй, бо краіну па-кітайску называюць «Белая Расея» (白俄罗斯). Першы герогліф значыць «белы», другі — «расейскі».
Летась амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды прапанаваў адкінуць другі герогліф, каб назва краіны гучала як «Беларусь», а ня «Белая Расея» ці «Белоруссия».
«Дзякуючы намаганьням Рудага сытуацыя пакрысе паляпшаецца, але гэта доўгі шлях», — кажа Дзіяна.
Хэнаньскі ўнівэрсытэт, дзе вучыцца дзяўчына, супрацоўнічае з БДУ. Цяпер там вучацца 38 беларускіх студэнтаў.
Ва ўнівэрсытэце штогод праходзіць Фэст культураў. Увосень студэнты падрыхтавалі да канцэрту два нумары: песьню NaviBand «Гісторыя майго жыцьця» з танцамі і верш Уладзіміра Караткевіча «Дзе мой край».
«Апошнюю страфу верша мы пераклалі на кітайскую — і гэта быў фурор! Выкладчыкі казалі, што да нас такога не рабілі», — кажа Дзіяна.
Смог і сьмецьце
Дзяўчына прызнаецца, што ўжо ссумавалася па блізкіх і па чыстым беларускім паветры.
Галоўная экалягічная праблема Кітаю — смог. Норма шкодных часьцінак у паветры — 25 мікраграмаў на кубамэтар. У горадзе, дзе жыве Дзіяна, узровень забруджваньня паветра перавышае норму ў 4–5 разоў.
«Калі я жыла ў Пэкіне, узровень забруджваньня часам перавышаў норму ў 10 разоў — нічога было не відаць. Я старалася не выходзіць лішні раз на вуліцу, бо смог моцна адбіваецца на здароўі. Пакуль я ў Беларусі, хачу схадзіць у паліклініку на працэдуры для горла», — кажа Дзіяна.
Кітай праводзіць палітыку ачышчэньня паветра. Саджаюць больш дрэваў, усё менш фабрык працуюць на вугалі, а год таму Кітай запусьціў найбуйнейшую ў сьвеце ўстаноўку па ачышчэньні паветра ў горадзе Сіань.
«Агулам у Кітаі вельмі брудна. Мала сьметніц. Паўсюль — плястыкавыя пакеты, — кажа Дзіяна. — Для кітайцаў плюнуць у забягалаўцы, рыгнуць або выкінуць сьмецьце пад ногі — звычайная справа. Яны ня лічаць гэта кепскім тонам. На іх думку, усё, што просіцца з арганізму, трэба выкінуць, нельга трымаць у сабе».
«У Кітаі ты ўвесь час пад каўпаком»
«Мне падабаецца краіна, але жыць тут я б не хацела, — пасьля вучобы Дзіяна не плянуе заставацца ў Кітаі. — Я занадта люблю свой камфорт. У Эўропе на цябе менш рэагуюць. У Кітаі ты ўвесь час пад каўпаком: з аднаго боку цябе здымаюць, з другога на цябе глядзяць. Ад пастаяннай увагі стамляесься».
Беларусь не прызнае кітайскіх навуковых ступеняў. Таму на радзіме Дзіяна будзе абараняць дысэртацыю нанава.
«Мяркую, знайсьці працу ў Беларусі па маёй спэцыяльнасьці з добрым заробкам ня так і складана. Але ці будзе ўва мне тут неабходнасьць?», — кажа дзяўчына.
Кожны дзясяты студэнт БДУ — замежнік, кожны другі з гэтых замежнікаў — кітаец, а агулам у Беларусі вучыцца больш за дзьве тысячы студэнтаў з Кітаю, як сказаў міністар адукацыі Ігар Карпенка. Больш у Беларусі толькі студэнтаў з Туркмэністану.
2019 год абвешчаны «Годам адукацыі Беларусі ў Кітаі». Цяпер у Паднябеснай амаль тысяча беларускіх студэнтаў. Зь іх больш за 200 атрымліваюць гранты. Штогод колькасьць беларускіх студэнтаў у Кітаі расьце на 100 чалавек.