Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Лукашэнка павіншаваў кітайцаў з Новым годам — сыграў на раялі, размаўляў па-кітайску. ВІДЭА

абноўлена

Кадр зь відэа Кірылы Рудога
Кадр зь відэа Кірылы Рудога

Малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі павіншаваў кітайскі народ са сьвятам вясны, кітайскім Новым годам. Відэа апублікаваў амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды.

Кірыл Руды назваў Мікалая Лукашэнку «самым вядомым у Кітаі беларускім тынэйджэрам».

Малодшы сын кіраўніка Беларусі сыграў на раялі, побач зь ім па-кітайску сьпявала неназваная вакалістка. Пасьля выкананьня песьні Мікалай Лукашэнка зачытаў тэкст на кітайскай мове.

Дзяржаўныя СМІ пакуль не перадавалі навінаў пра віншаваньне Мікалая Лукашэнкі.

Сьвята вясны, вядомае на захадзе як кітайскі Новы год, адзначаецца паводле месячнага календааы між 21 студзеня і 21 лютага (у 2018 годзе прыпадае на 16 лютага) у шэрагу азіяцкіх краінаў.

«Асаблівыя прыязныя стасункі»

Цягам 2017 году Аляксандар Лукашэнка адсылаў афіцыйныя прывітаньні кіраўніку Кітаю Сі Цьзіньпіну ня менш за чатыры разы — віншаваў з 25-годзьдзем дыпляматычных стасункаў (узаемна), днём народзінаў (ці віншаваў Сі Цьзіньпін Лукашэнкфу ў адказ, не паведамлялася), 90-годзьдзем стварэньня Народна-вызваленчай арміі Кітаю, днём абвяшчэньня Кітайскай Народнай Рэспублікі (Сі Цьзіньпін віншаваў Лукашэнку з Днём рэспублікі 4 ліпеня), таксама Лукашэнка выкаваў спачуваньні Сі Цьзіньпіну і родзічам ахвяраў апоўзню ў правінцыі Сычуань.

Аляксандар Лукашэнка і Сі Цьзіньпін у Пэкіне
Аляксандар Лукашэнка і Сі Цьзіньпін у Пэкіне

Лукашэнка ў 2017 годзе сустракаўся з шэрагам кітайскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, у тым ліку ў траўні асабіста зь Сі Цьзіньпінам у Пэкіне пасьля форуму «Адзін пояс — адзін шлях», дзе абмяркоўваўся ў тым ліку новы Шаўковы шлях. Да таго Лукашэнка ладзіў у Менску сустрэчу з прадстаўнікамі кітайскіх СМІ.

«Калі Расея захоча захапіць Беларусь — Кітай ня будзе яе абараняць»

У 2017 годзе кітайцы разам з грамадзянамі яшчэ васьмі дзясяткаў краінаў атрымалі магчымасьць езьдзіць у Беларусь бязь візы на 5 дзён (пры ўмове прылёту ў менскі аэрапорт), таксама Беларусь увяла бязьвізавы рэжым для кітайцаў, якія ўяжджаюць для афіцыйных паездак, да 30 дзён. Беларускі прэм’ер прапанаваў Кітаю абвясьціць 2018-ы Годам беларускага турызму, але ці пагадзіліся на гэта ў Кітаі, невядома.

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі ў Пэкіне
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі ў Пэкіне

Беларусь актыўна гандлюе з Кітаем (больш, чым зь Нямеччынай, Вялікай Брытаніяй і Польшчай, менш толькі за гандаль з Расеяй і Ўкраінай), але прадае мала і купляе шмат: таваразварот склаў у 2017 годзе 2,8 млрд даляраў, што на 22,4% больш за 2016 год, але беларускага экспарту ў гэтым таваразвароце толькі 319 млн даляраў (гэта на 21% меней за 2016 год), астатняе — імпарт. Лукашэнку гэта насьцярожвала.

«Менск-таўн» — кітайскі трамплін у Эўропу. Рэпартаж з будучага кітайскага гораду ў Беларусі

Цягам 2017 году Беларусь пазычыла 306,6 млн даляраў з кітайскіх банкаў, сплаціла Кітаю 245,8 млн па ранейшых пазыках. Пад Менскам будуецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк.

На пачатку 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне аб аздараўленьні ў Беларусі 330 кітайскіх дзяцей: у праграме адпачынак у лягеры «Зубраня» і лячэньне ў цэнтры «Ждановічы», а таксама экскурсіі. Такім чынам, паводле прэс-службы Лукашэнкі, дэманструюцца «асаблівыя прыязныя стасункі» Беларусі і Кітаю.

Што дае Беларусі супрацоўніцтва з Кітаем?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG