Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыплямат Эрыксан пераклаў раман Бахарэвіча «Плошча Перамогі» на швэдзкую мову


Альгерд Бахарэвіч
Альгерд Бахарэвіч

Кніга «Плошча Перамогі» пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча выходзіць у стакгольмскім выдавецтве Ersatz у сакавіку 2025 году.

Раман беларускага пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча «Плошча Перамогі» на швэдзкую мову пераклаў колішні амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

Кніга выйдзе ў сакавіку ў стакгольмскім выдавецтве Ersatz. Пра гэта аўтар паведаміў Свабодзе.

«Кніга-казка, якая толькі прыкідваецца гістарычнай, але на самай справе са свайго „ніколі і нідзе“ пераносіць чытача проста ў дваццаць першае стагодзьдзе зь яго новым поглядам на праўду, хлусьню, інфармацыю і ўладу, — паведамляе анатацыя выданьня. — „Плошча Перамогі“ — гэта адначасова псыхалягічны трылер і алегорыя краіны, дзе свабоды людзей пастаянна абмяжоўваюцца. Сваёй паэтычнай мовай Бахарэвіч паказвае, як таталітарная ўлада ўплывае і на асобных людзей, і на грамадзтва. Раман стаў сымбалем супраціву дыктатуры ў Беларусі».

У камэнтары Свабодзе Альгерд Бахарэвіч зазначыў, што на швэдзкую мову дагэтуль кнігі яго не перакладалі, і ён вельмі ўсьцешаны гэтай падзеяй:

«Рашэньне перакласьці менавіта гэтую кніжку належала Стэфану Эрыксану. Ён даўні мой чытач, прыхільнік, вельмі сымпатызуе таму, што я раблю. Таму гэта была ягоная ідэя і прапанова зрабіць пераклад. Кніга „Плошча Перамогі“ — невялікая па аб’ёме, маленькі раман-прыпавесьць, таму я думаю, што для дэбюту на літаратурнай сцэне яна пасавала найлепш.

Гэта швэдзкі бок займаўся ўсім, я ніякага дачыненьня да гэтага ня меў. Яны знайшлі і выдаўца. Гэтае швэдзкае выдавецтва Ersatz цікавіцца ўсходнеэўрапейскай літаратурай, беларускай літаратурай. Таму гэта лягічна, што кніга выходзіць у іх», — расказаў пісьменьнік.

Кніга Альгерда Бахарэвіча «Плошча Перамогі» па-швэдзку ў перакладзе Стэфана Эрыксана
Кніга Альгерда Бахарэвіча «Плошча Перамогі» па-швэдзку ў перакладзе Стэфана Эрыксана

Аўтар падкрэсьліў, што перакладчык, былы амбасадар Швэцыі ў Менску Стэфан Эрыксан цудоўна валодае беларускай мовай, ён чалавек «для нас вельмі важны, цудоўны, сапраўдны інтэлектуал і сябар Беларусі, які застаецца амбасадарам беларускай культуры, вольнай Беларусі ў Швэцыі».

«Ён, магчыма, перакладае ня так шмат беларускай літаратуры, але за гэтую кніжку ён узяўся, і ўсё там цудоўна. У перакладчыка было літаральна некалькі пытаньняў да мяне. Летась мы сустракаліся ў Рызе, і Стэфан пацікавіўся маім меркаваньнем наконт таго, як можна было б лепш перакласьці некаторыя месцы з гэтай кнігі. Кніга „Плошча Перамогі“ выйшла ў выдавецтве „Вясна“ некалькі гадоў таму. Гэтую кнігу паставілі „Купалаўцы“ ў Польшчы. Спэктакль па „Плошчы Перамогі“ ішоў у Варшаве і іншых гарадах. Я вельмі рады і чакаю сакавіка. І спадзяюся, што прыеду ў Стакгольм на прэзэнтацыю», — сказаў Альгерд Бахарэвіч.

Хто такі Альгерд Бахарэвіч

Альгерд Бахарэвіч — пісьменьнік, аўтар паўтара дзясятка кніг прозы, у тым ліку раманаў «Сарока на шыбеніцы» (2009), «Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня» (2012), «Дзеці Аліндаркі» (2014).

У Беларусі раман Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» ў 2022 годзе атрымаў статус «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сьцьвярджалася, што ў кнізе нібыта «актыўна прапагандуецца распальваньне сацыяльнай, палітычнай і ідэалягічнай варожасьці паміж грамадзянамі краіны і прадстаўнікамі дзяржкіравання, людзей заклікаюць да масавых беспарадкаў для незаконнага захопу ўлады».

900-старонкавы раман з шасьці частак «Сабакі Эўропы» выйшаў у 2017 годзе ў менскім выдавецтве «Логвінаў» і быў высока ацэнены крытыкамі. На радзіме Бахарэвіч атрымаў за яго прэмію «Кніга году» Беларускага ПЭН-цэнтру, незалежную Чытацкую прэмію і другую прэмію Ежы Гедройця. Расейская вэрсія раману «Сабакі Эўропы» выйшла ў 2019 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Время».

У 2023 годзе «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі кнігу Бахарэвіча «Апошняя кніга пана А.» (выдавецтва «Янушкевіч», 2020).

Хто такі Стэфан Эрыксан

Стэфан Эрыксан — швэдзкі дыплямат, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Каралеўства Швэцыя ў Рэспубліцы Беларусь 2008–2012). Беларуская прапаганда абвінаваціла Эрыксана ў падрыхтоўцы «арабскай вясны» ў Беларусі, а беларускі МЗС заявіў, што ягоная дзейнасьць была накіраваная на «разбурэньне» двухбаковых стасункаў. Пасьля гэтага беларускі бок прыняў рашэньне не працягваць яму акрэдытацыю.

Стэфан Эрыксан
Стэфан Эрыксан

Стэфан Эрыксан ведае беларускую мову, пераклаў на швэдзкую творы Васіля Быкава і Ўладзімера Арлова. Расказваў, што гады, якія правёў у Беларусі, былі для яго «вельмі добрымі, найлепшымі, можна казаць, у маім жыцьці».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG