Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маленькая Алімпіяда для маленькай краіны зь вялікімі амбіцыямі


Калі хоць зрэдку глядзець беларускае тэлебачаньне, чытаць беларускія газэты і хадзіць па менскіх вуліцах — то немагчыма ня ўпэўніцца ў думцы, што Эўрапейскія гульні, якія празь дзень адкрыюцца ў Менску, — галоўная міжнародная спартыўная падзея, амаль што Алімпіяда.

Але ілюзія імгненна зьнікае, як толькі перасячэш мяжу Беларусі ці пераключысься на замежныя СМІ. Нават у «саюзнай» Расеі і нават на спэцыялізаваных спартыўных рэсурсах, у спартыўных газэтах і на тэлеканалах пра гэтыя гульні, якія ў Беларусі называюць «галоўнай мультыспартыўнай падзеяй Эўропы» — за рэдкім выключэньнем — амаль нічога...

Як прысуд прагучала нядаўняе прызнаньне прэмʼер-міністра Сяргея Румаса, што Эўрапейскі алімпійскі камітэт ня здолеў прыцягнуць для другіх Эўрапейскіх гульняў ніводнага вонкавага спонсара. Цяжка разьлічваць на іншае, калі на Гульнях — ні самых папулярных відаў спорту, ні самых моцных і вядомых атлетаў. Як вынік, у якасьці прэміюм-партнэра менскіх Гульняў — «Беларуськалій», у ролі проста партнэраў — «Беларусбанк», «Крыніца», «Белшына» ды іншыя вядомыя і ня вельмі беларускія кампаніі, фінансавыя рэсурсы якіх — гэта, па сутнасьці, той жа беларускі дзяржаўны бюджэт... Замежных кампаній — ніводнай.

Між тым кошт маштабнай імпрэзы, паводле папярэдніх прыблізных ацэнак, значна перавысіць 100 мільёнаў даляраў. Аляксандар Лукашэнка лічыць, што выдаткі апраўданыя: «За гэта — імідж краіны, піяр сапраўдны — зараз плацяць сотні мільёнаў даляраў», — сказаў ён нядаўна аб правядзеньні ў Беларусі буйных міжнародных спартыўных спаборніцтваў. Хоць насамрэч імідж краіны залежыць найперш ад узроўню жыцьця і свабоды яе грамадзянаў, ад гонару людзей за сваю краіну, яе культуру, гісторыю, традыцыі, дынаміку разьвіцьця. Калі б імідж можна было купіць, дык на першых пазыцыях адпаведных рэйтынгаў былі б, напэўна, султанат Брунэй альбо эмірат Катар.

Да нядаўняга часу менавіта постсавецкія краіны вылучаліся шчодрым фінансаваньнем рознага кшталту маштабных іміджавых праектаў. Але мінулі «тлустыя» гады, паперасыхалі ручайкі «нафтавай» рэнты... І вось ужо новы прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на сваёй першай пасьлявыбарчай прэсавай канфэрэнцыі абяцае суграмадзянам «адмовіцца ад буйных іміджавых выдаткаў»... Адметнае абяцаньне — у краіне, дзе яшчэ нядаўна гэтак жа, як і ў Беларусі, трацілі вялізныя сродкі на рознага кшталту міжнародныя форумы, чэмпіянаты і прэстыжныя будоўлі дзеля «паляпшэньня іміджу і пазнавальнасьці ў сьвеце».

Дык што, усё так кепска і безнадзейна? Я б асьцярогся рабіць такую выснову. Увогуле, усё часьцей задаю пытаньне: можа, гэтыя гульні патрэбныя найперш самім беларусам?

Беларускія ўлады вельмі стараюцца, гэта відавочна. І без таго зусім ня брудны горад вылізваецца да бляску. Фасады будынкаў, дарожная інфраструктура, кветнікі і траўнікі, крамы і кавярні — усё і ўсе абнаўляюцца і рыхтуюцца... Змабілізаваныя, здаецца, усе, хто здольны трымаць у руках венікі, пэндзлі, рыдлёўкі і міліцэйскія жэзлы... Да арганізацыі сьвяточных імпрэзаў і абслугоўваньня гасьцей прыцягнутыя ці ня ўсе дзяржаўныя ведамствы — і Мінадукацыі, і Мінкульт, і Міністэрства аховы здароўя, ня кажучы пра сілавікоў... Інтарэсамі Гульняў абгрунтоўваюць звышурочную працу, суботнікі і нядзельнікі, адмысловыя нарады і пасяджэньні... І багата людзей ставяцца да гэтага з разуменьнем і адказнасьцю — хоць, можа, часам і бурчаць, і наракаюць на нязручнасьці.

Успамінаючы Алімпіяду-80

Па сутнасьці, гэта наша маленькая Алімпіяда — са сваёй факельнай эстафэтай («Полымя міру»), зь яркімі і пышнымі цырымоніямі адкрыцьця і закрыцьця, са сваёй атрыбутыкай, сымболікай, талісманам і ўсім астатнім — аж да ўрачыста-ветлівых міліцыянтаў у белых кашулях і да жабракоў і бяздомных, якія невядома куды пазьнікалі зь менскіх вуліц. Усё да драбніц нагадвае атмасфэру Алімпіяды-80: многія са старэйшых людзей яшчэ памятаюць той час, калі наэлектрызаваная вялікая краіна напружвала сілы, каб прадэманстраваць усё самае лепшае — хоць таго лепшага, можа, было і няшмат.

Іншых шанцаў атрымаць сваю сапраўдную Алімпіяду ні ў Беларусі, ні ў сувымерных зь ёю краінаў фактычна няма. Гэта калісьці Алімпійскія гульні можна было правесьці ў такой параўнальна невялікай краіне, як Швэцыя, пабудаваўшы адзін маленькі стадыёнчык на 22 тысячы гледачоў. Той стадыён, дарэчы, захаваўся дагэтуль: ён уражвае сваімі невялікімі памерамі і сьціплай архітэктурай. Ну, але і Алімпіяды тады былі нечым зусім іншым, чым цяпер. Пачаткова Пʼер дэ Кубэртэн бачыў Алімпійскія гульні як аматарскія спаборніцтвы, у якіх няма месца тым, хто займаецца спортам за грошы, хто перасьледуе камэрцыйныя інтарэсы. Але перамаглі прафэсіяналы, а не аматары, грошы, а не бескарысьлівыя ідэалы.

Менск у год Алімпіяды 1980 году
Менск у год Алімпіяды 1980 году

Сучасную Алімпіяду можа правесьці толькі буйная заможная дзяржава — выдаткі вымяраюцца дзесяткамі і нават сотнямі мільярдаў даляраў. Цяпер гэта пад сілу толькі сталіцам ці буйным гарадам краін — эканамічных гігантаў. Апошнія Алімпіяды прымалі і будуць прымаць Пэкін, Лёндан, Рыё-дэ-Жанэйра, Токіё, Парыж, Лос-Анджэлес... Паспрабавала ўклініцца ў гэты магутны шэраг у 2004 годзе сьціплая Грэцыя: дагэтуль адчувае на сабе эканамічныя наступствы непасільных выдаткаў. Алімпіяда абышлася ёй у 15 мільярдаў даляраў, а многія адмыслова пабудаваныя да Гульняў абʼекты ва ўмовах невялікай краіны засталіся незапатрабаванымі і цяпер пакрысе занепадаюць...

Гульні рознага маштабу

Ну, не набылі яшчэ гэтыя Гульні таго размаху, каб займаць месца ў топе міжнародных спартыўных навінаў. Урэшце, калі прыгледзецца, розных міжнародных спартыўных гульняў на сьвеце прыдумана столькі, што пра некаторыя нават ня ўсе чулі: ёсьць, напрыклад, юнацкія Алімпійскія гульні, Ісламскія гульні салідарнасьці, Усясьветныя гульні качэўнікаў, Сурдалімпійскія гульні, Усясьветныя экстрэмальныя гульні, Гульні малых краін Эўропы... А памятаеце, зь якім размахам некалі задумваліся і праводзіліся першыя Гульні добрай волі (дарэчы, як альтэрнатыва Алімпійскім гульням пасьля байкоту заходнімі краінамі маскоўскай Алімпіяды-80 і байкоту Савецкім Саюзам Алімпіяды-84 у Лос-Анджэлесе)? Амэрыканскі мільярдэр Тэд Тэрнэр патраціў на гэты праект больш за 100 мільёнаў даляраў — але гульні, праіснаваўшы да 2001 году, урэшце былі адмененыя. Спартыўны каляндар перанасычаны падзеямі, і ўплішчыцца ў яго з новымі праектамі надзвычай складана. Абавязкова зачэпіш нечыя інтарэсы і амбіцыі на рынку, які даўно падзелены і на якім існуе жорсткая канкурэнцыя.

Магчыма, калі-небудзь гэтыя гульні сапраўды стануць прэстыжнымі і моднымі. Але пакуль няма чаргі ахвочых праводзіць нават наступныя. Некалькі кандыдатаў было, аднак амаль усе адклікалі свае заяўкі. Застаўся адзін польскі Кракаў. Верагодна, там і адбудуцца трэція Эўрапейскія гульні. Калі Польшча не перадумае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG