Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папараць-кветка і Саладуха. Што беларускага будзе на Эўрагульнях?


Прыезд у Беларусь тысяч спартовых заўзятараў з усёй Эўропы можа стаць нагодай паказаць сваю нацыянальную культуру. Ці скарыстаюцца гэтым арганізатары?

Пра тое, што ІІ Эўрапейскія гульні пройдуць у Менску, стала зразумела восеньню 2016 году, калі Міжнародны алімпійскі камітэт праз допінгавы скандал вырашыў пазбавіць права на іх правядзеньне Расею. На год раней ад гонару правесьці мерапрыемства з эканамічных прычын адмовіліся Нідэрлянды.

Трапіць у Беларусь Эўрапейскія гульні маглі яшчэ ў 2015 годзе, але тады Менск адмовіўся ад заяўкі праз праблемы з інфраструктурай (рэканструкцыя стадыёна «Дынама» скончылася толькі ў 2018 годзе). Таму форум зь вялікай помпай прайшоў у Азэрбайджане. Толькі паводле афіцыйнай інфармацыі, на арганізацыю гульняў урад каўкаскай краіны выдаткаваў больш за 1 мільярд даляраў. ІІ Эўрапейскія гульні ў Менску абяцаюць быць больш сьціплымі, іх бюджэт прыкладна ў 10 разоў меншы. Арганізатары абяцаюць дзясяткі тысяч гледачоў з усяго кантынэнту. Добрая нагода расказаць эўрапейцам пра гісторыю і культуру Беларусі.

Папараць-кветка на афіцыйным лягатыпе

Цырымонія адкрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў пройдзе позна ўвечары 21 чэрвеня на стадыёне «Дынама» і па часе амаль супадзе з Купальлем. На афіцыйным лягатыпе гульняў — акурат стылізаваная папараць-кветка.

З талісманам, лісянём Лесікам, больш складаная гісторыя. Паводле арганізатараў, гэта пэрсанаж кнігі францускага пісьменьніка Антуана дэ Сэнт Экзюперы, які ў пошуках сяброў вырашыў накіравацца ў Беларусь на пошукі той самай папараць-кветкі.

«Афіцыйнага» мяккага Лёсіка вырашылі вырабляць на беларускім прадпрыемстве Malvina, якое спэцыялізуецца на мяккіх цацках. Каштуе ён каля 40 рублёў. Тамсама робяць і большасьць іншых мяккіх афіцыйных сувэніраў з сымболікай гульняў. У Кітаі вырашылі замовіць толькі бірулькі і магніцікі.

Купала і Колас на цырымоніі адкрыцьця

Тэндэр на правядзеньне цырымоній адкрыцьця і закрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў выйграў расейскі прадусарскі цэнтар «Арт-Сіці 5», які належыць маскоўскаму кампазытару Ігару Крутому. Каштаваць беларускаму бюджэту гэтае відовішча будзе больш за 25 мільёнаў рублёў.

Ужо вядома, што галоўнымі музычнымі зоркамі на адкрыцьці будуць Дымаш Кудайбергенаў з Казахстана і Анна Нятрэбка з Расеі. Абое зьяўляюцца опэрнымі выканаўцамі, але да Беларусі ня маюць дачыненьня. Праўда, арганізатары цырымоніі адкрыцьця абяцаюць падчас яе расказаць гледачам пра гісторыю, прыроду і культуру Беларусі. На «Дынама» зьявяцца вобразы Эўфрасіньні Полацкай, Францішка Скарыны, Марка Шагала, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пакуль невядома, у якой форме. На генэральныя рэпэтыцыі забаронена праносіць фота- і відэатэхніку; публікацыю любых здымкаў да афіцыйнага адкрыцьця гульняў абяцаюць караць штрафам.

Shuma, «Палац» і Саладуха ў фан-зонах

Як і падчас чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году, да ІІ Эўрапейскіх гульняў у Менску будзе працаваць некалькі фан-зонаў, дзе заўзятары змогуць арганізавана сачыць за трансьляцыямі спартовых спаборніцтваў і разнастайна адпачываць. У тым ліку пад выступы беларускіх гуртоў і сьпевакоў. Працаваць фан-зоны будуць ля «Менск-Арэны», «Чыжоўка-Арэны» і ля Палаца спорту.

Аляксандар Саладуха
Аляксандар Саладуха

Асноўная маса выступоўцаў — пастаянныя ўдзельнікі музычных шоў беларускіх дзяржаўных каналаў накшталт Сашы Нема ці Ірыны Афанасьевай. Некалькі канцэртаў дасьць зорны Аляксандар Саладуха. Але акрамя іх арганізатары запрасілі выступіць у фан-зонах ІІ Эўрапейскіх гульняў праект сьпявачкі Русі Shuma, а таксама «Палац» Алега Хаменкі і гурт «Стары Ольса». Таксама абяцаюць выступы харэаграфічных калектываў з народнымі танцамі. Наеўшыся дранікаў, можна будзе патанчыць пад «Лявоніху».

Усяслаў Чарадзей па-ангельску

Да ІІ Эўрапейскіх гульняў аўтары рок-опэры «Усяслаў Чарадзей» пераклалі яе зь беларускай мовы на ангельскую. У новай вэрсіі яна называецца The King of Magician. Паслухаць гісторыю легендарнага полацкага князя на мове Шэксьпіра можна будзе толькі адзін раз — 28 чэрвеня ў Моладзевым тэатры эстрады. Пры гэтым аўтары пакінулі ў рок-опэры і беларускую мову. Якой, дарэчы, няма на афіцыйным сайце Эўрагульняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG