Прэс-сакратар дырэкцыі ІІ Эўрапейскіх гульняў Аляксей Багдановіч паведаміў БелТА, як прадаваліся квіткі на падзеі гульняў па стане на раніцу 18 чэрвеня — за тры дні да пачатку гульняў.
Лічбы такія:
- было прададзена больш за 160 тысяч квіткоў;
- плянавалася прадаць 250 тысяч квіткоў;
- з гэтага вынікае, што прададзена 64% квіткоў;
- больш за 20 тысяч квіткоў прадалі за мяжу;
- вынікае, іншаземцам дасталося 12,5% ад прададзеных квіткоў.
Багданкевіч мяркуе, што іншаземцы маглі купіць і ўдвая большую долю квіткоў, бо статыстыка вялася па тым, колькі людзей пазначылі птушкай адпаведны пункт пры куплі квітка.
А па стане на 19 чэрвеня — за два дні да гульняў — зь «бязьвізам для Эўрагульняў» у Беларусь прыехалі 870 заўзятараў і каля 1500 акрэдытаваных удзельнікаў гульняў.
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.