У сераду, 19 чэрвеня, будуць абвешчаныя новыя вынікі двух расьсьледаваньняў у справе зьбітага над Данбасам у 2014 годзе рэйсу «Малайзійскіх авіялініяў» MH17.
Адно расьсьледаваньне — афіцыйнае, якое праводзіць Супольная сьледчая група (JIT), якая складаецца з экспэртаў зь Нідэрляндаў, Аўстрыі, Бэльгіі, Малайзіі і Ўкраіны. Яна рыхтуе доказы для будучых крымінальных справаў, і 19 чэрвеня чакаецца, што група назаве першыя імёны тых, супраць каго рыхтуюцца абвінавачаньні (мяркуецца, назавуць чатыры чалавекі).
Трансьляцыя прэс-канфэрэнцыі JIT будзе даступная на нідэрляндзкай і ангельскай мовах, пачатак а 14-й гадзіне паводле менскага часу.
Другое расьсьледаваньне — неафіцыйнае, якое робіць грамадзянская група Bellingcat. Яна ўжо называла сваіх падазраваных, цяпер рыхтуецца назваць новых датычных да справы. Чакаецца, што 19 чэрвеня (магчыма, яшчэ да канфэрэнцыі JIT) будзе апублікаваная справаздача пра новыя вынікі расьсьледаваньня. Сайт групы даступны на ангельскай і расейскай мовах.
Самалёт рэйсу MH17 17 ліпеня 2014 году ляцеў з Амстэрдама да Куала-Люмпура, пралятаў над тэрыторыяй Украіны, падкантрольнай так званым «ДНР» і «ЛНР», дзе быў зьбіты. На борце былі 298 чалавек, усе загінулі. Як выявілася пасьля катастрофы, самалёт быў зьбіты расейскай устаноўкай «Бук».
JIT летась паведаміла, што «Бук», зь якога зьбілі самалёт, належыць 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе Ўзброеных сілаў Расеі, але пакуль не абвяшчалася, хто падазраваны ў тым, што страляў па самалёце.
Расея адмаўляе сваю датычнасьць да катастрофы, але ў Радзе Бясьпекі ААН накладвала вэта на стварэньне міжнароднага трыбуналу над імавернымі злачынцамі.
Падрабязьней на сайце ўкраінскай службы Свабоды >>