Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць палітвязьняў у Расеі перавысіла 230, — даклад


Колькасьць палітычных зьняволеных у Расеі перавысіла 230. Аб гэтым гаворыцца ў апублікаваным 29 красавіка дакладзе вашынгтонскай юрыдычнай кампаніі Perseus Stategies, у стварэньні якой прымалі ўдзел некалькі праваабарончых арганізацый, у тым ліку расейскі праваабарончы цэнтар «Мэмарыял».

Адзначаецца, што ахвярамі перасьледу з боку расейскіх уладаў становяцца апазыцыйныя палітыкі і грамадзкія актывісты, прадстаўнікі рэлігійных і нацыянальных меншасьцяў, ЛГБТ-актывісты, а таксама грамадзяне Ўкраіны і праўкраінскія актывісты.

У дакумэнце ўтрымліваецца заклік увесьці ўсёабдымныя санкцыі супраць адказных за палітычныя перасьледы ў Расеі, каб «Крэмль не адчуваў беспакаранасьці» за свае дзеяньні.

Асаблівая ўвага ў дакладзе нададзеная прынятым з 2012 году рэпрэсіўным законам, якія ўводзяць ці ўзмацняюць крымінальны або адміністрацыйны перасьлед за парушэньне правілаў правядзеньня масавых акцый, «абразу пачуцьцяў» вернікаў, «прапаганду гомасэксуалізму» непаўналетнім, публічныя заклікі да сэпаратызму, адмаўленьне ролі СССР у Другой сусьветнай вайне. Згадваюцца і законы аб «замежных агентах» і «непажаданыя арганізацыі».

Асобна ў дакладзе згадваецца ўкраінскі рэжысэр Алег Сянцоў, асуджаны ў Расеі на 20 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме. Рэжысэр віны не прызнае. 14 траўня 2018 году ён абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў з расейскіх турмаў, аднак вымушаны быў спыніць яе праз 145 дзён у сувязі з пагрозай прымусовага кармленьня, якое міжнародныя праваабаронцы прызнаюць катаваньнем.

У сьпісе людзей, якіх перасьледуюць у Расеі па палітычных матывах, 54 чалавекі. Яшчэ 182 чалавекі — перасьледуюць па рэлігійных матывах (гаворка ідзе, у прыватнасьці, пра сябраў забароненых у Расеі арганізацый «Хізб ут-Тахрыр» і «Сьведкі Яговы»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG