Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У акупаваным Расеяй Крыме затрымалі «сьведак Яговы»


Ілюстрацыйнае фота. Сьведкі Яговы на нядзельным кангрэсе (малебен). Фота ІТАР-ТАСС
Ілюстрацыйнае фота. Сьведкі Яговы на нядзельным кангрэсе (малебен). Фота ІТАР-ТАСС

Рэлігійная арганізацыя «Сьведкі Яговы» заяўляе пра сама меней шэсьць ператрусаў, якія зрабілі расейскія сілавікі ў двух курортных гарадах акупаванага Крыму — Ялце і Алупцы.

«Супраць вернікаў заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу „арганізацыя дзейнасьці экстрэмісцкай арганізацыі“. Некалькі чалавек затрымалі для допыту. 34-гадовы Арцём Герасімаў вывезены ў Сімферопаль. Падчас ператрусаў у вернікаў канфіскоўвалі кампутары ды іншыя электронныя прылады, а таксама Бібліі», — інфармуе сайт рэлігійнай арганізацыі.

У канцы 2018 году некалькі сем’яў «сьведак Яговы» пацярпелі ў выніку дзеяньняў расейскіх сілавікоў у іншым акупаваным крымскім горадзе, Джанкоі. Тады быў затрыманы кіраўнік мясцовай рэгіянальнай групы «сьведак Яговы» «Сіваш» Сяргей Філатаў.

20 сакавіка расейскія сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што супрацоўнікі ФСБ Расеі ў анэксаваным Крыме правялі ператрусы ў чальцоў ялцінскай суполкі арганізацыі «Сьведкі Яговы».

20 красавіка 2017-га Вярхоўны суд Расеі вынес рашэньне аб прызнаньні Кіроўнага цэнтру «Сьведак Яговы» экстрэмісцкай арганізацыяй. У сьнежні 2018-га прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў «поўнай лухтой» прызнаньне «Сьведак Яговы» экстрэмістамі, але дзеяньні сілавікоў супраць прыхільнікаў гэтай рэлігійнай плыні працягваюцца як на акупаванай Расеяй тэрыторыі, так і ў самой Расеі. 20 сакавіка некалькі ператрусаў адбылося таксама ў горадзе Магадан.

Паводле праваабарончага цэнтру «Мэмарыял», у суседняй Расеі з красавіка мінулага году 39 прыхільнікаў рэлігійнай арганізацыі трапілі пад крымінальны перасьлед. У жніўні 2018-га праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў палітвязьнямі 29 прыхільнікаў рэлігійнай арганізацыі «Сьведкі Яговы», абвінавачаных у экстрэмізьме, і заклікаў неадкладна іх вызваліць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG