Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабіч пра спрэчку зь Менскам: «Некаму здалося, што пасол — гэта ванька-ўстанька»


Міхаіл Бабіч падчас прэс-канфрэнцыі
Міхаіл Бабіч падчас прэс-канфрэнцыі

Пасол Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску 18 сакавіка зноў пракамэнтаваў крытычную заяву беларускага МЗС на свой адрас.

Міхаіл Бабіч папрасіў задаваць пытаньні, якія тычацца тэмы прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай пятай гадавіне расейскай анэксіі Крыму. Пытаньне, якое закранала нядаўнюю заяву беларускага МЗС, ён адклаў на завяршэньне прэс-канфэрэнцыі: «Калі мы пачнём гэту тэму разьвіваць, то ў нас прэс-канфэрэнцыя аб Крыме на гэтым скончыцца».

Бабіч паабяцаў адказаць на адно такое «інтэграванае, абагульненае пытаньне».

Камэнтуючы заяву беларускага МЗС у канцы прэс-канфэрэнцыі, Міхаіл Бабіч сказаў, што ў куды больш складаных абставінах бакі «заўсёды знаходзілі кампрамісныя, аптымальныя рашэньні».

Маўляў, «не дачакаюцца» тыя, хто спрабуе зрабіць намаганьні знутры і звонку, каб пасварыць два братнія народы.

«Мы дачакаемся, пакуль калегі патлумачаць, што іх узбудзіла»

Паводле пасла Расеі, «можна было глупствам адказаць на глупства, хамствам на хамства».

«Нам ёсьць што на гэты конт сказаць. Але няўжо гэта была б прыкмета вялікага розуму ці высокага ўзроўню дыпляматычных здольнасьцяў у гэтай частцы? Ці нашы беларуска-расейскія адносіны ў цэлым, іх маштаб, іх пэрспэктыва, іх гістарычнае значэньне вартыя таго, каб мы цяпер уступалі ў нейкую кухонную сварку, якая ўзьнікла на роўным месцы. І мы дачакаемся, пакуль калегі патлумачаць, што іх у гэтым пляне ўзбудзіла».

Паводле Міхаіла Бабіча, «насамрэч узьнікае пытаньне: адкуль такая гістэрыка, з чаго б гэта раптам?»

«І адзін з асноўных момантаў палягае ў тым, што некаму недзе, ня буду пакуль называць прозьвішчы, у нейкі момант чамусьці здалося, што пасол — гэта такі ванька-ўстанька: схадзіў на прыём, сказаў нейкія прыгожыя словы, накіраваў некуды нейкую ноту, некага сустрэў, праводзіў».

Маўляў, добры пасол павінен быць ня толькі дыпляматам, але і палітыкам, эканамістам, аналітыкам, і нават вайскоўцам.

«А калі тваёй краіне трэба, каб пасол на пэўны час стаў бухгальтарам, а калі гэта яшчэ добры бухгальтар, які падае надзеі, то гэта гарантуе, што тваю краіну не аблічаць, не ашальмуюць. А наадварот — эканамічныя адносіны са сваім партнэрам будуць празрыстыя і зразумелыя...

У гэтай сувязі ацэнка беларускага МЗС для нас вельмі высокая, яна пацьвярджае, што з бухгальтэрыяй мы ўсё ж такі разабраліся».

Міхаіл Бабіч сказаў, што гатовы як у бухгальтарскіх пытаньнях, такі ў кожных іншых «падзяліцца з нашымі калегамі ведамі, і тады ў нас дакладна ніякіх супярэчнасьцяў не застанецца».

Рэдакцыі шэрагу недзяржаўных СМІ Беларусі вырашылі не наведваць прэс-канфэрэнцыю амбасадара РФ Міхаіла Бабіча, прысьвечаную гадавіне анэксіі Крыму, і выступілі з сумеснай заявай з гэтай нагоды. На прэс-канфэрэнцыі таксама не прагучалі пытаньні ад дзяржаўных беларускіх СМІ.

Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія

  • Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
  • 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
  • 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
  • 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
  • 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
  • 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
  • 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
  • 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
  • 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.
  • 30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расеі ў Беларусі. Новым амбасадарам стане Дзьмітры Мезенцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG