Юрыдычны камітэт палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША запатрабаваў поўную вэрсію дакладу спэцыяльнага пракурора Робэрта Мюлера па справе аб верагодным ўмяшаньні Расіі ў прэзыдэнцкія выбары ў 2016 годзе. За выдачу адпаведнай позвы прагаласавалі 24 кангрэсмэны, супраць выказаліся 17.
Рашэньне дазволіць старшыні камітэту Джэралу Надлеру выклікаць для дачы паказаньняў былых памочнікаў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. У тым ліку былых дарадцаў — Стыва Бэнана і Дональда Макгана.
Як адзначае Reuters, парадак дня можа выклікаць супрацьстаяньне паміж Кангрэсам і Міністэрствам юстыцыі ЗША. Раней генэральны пракурор ЗША Ўільям Бар заявіў, што апублікуе даклад Мюлера, але ў сярэдзіне красавіка, а не да другога красавіка, як гэтага патрабавала большасьць кангрэсу ад Дэмакратычнай партыі. Цяпер мяркуецца, што даклад будзе апублікаваны без сакрэтных дадзеных, якія ў ім утрымліваюцца. Гэта не задавальняе як дэмакратаў, гэтак і многіх рэспубліканцаў.
Даклад Мюлера пра вынікі расьсьледаваньня «расейскага сьледу» быў перададзены ў офіс генэральнага пракурора 22 сакавіка.
Аб завяршэньні расьсьледаваньня верагоднага ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары 2016 году генэральны пракурор ЗША паведаміў 24 сакавіка. Уільям Бар у сваім лісьце пазначыў, што Мюлер не знайшоў фактаў парушэньня законаў Трампам. Пры гэтым сьледчыя выявілі два асноўныя эпізоды расейскага ўмяшаньня — распаўсюд дэзінфармацыі ў сацыяльных сетках у парушэньне закону, а таксама хакерскія атакі, у выніку якіх, у прыватнасьці, былі выкрадзены дакумэнты з сэрвэра Дэмакратычнай партыі.
Спэцпракурор ЗША Роберт Мюлер склікаў вялікую калегію прысяжных для расьсьледаваньня «расейскага сьледу» ў пачатку жніўня 2017 году. Ад пачатку працы група Мюлера вылучыла больш за 200 абвінавачаньняў 34 фізычным і двум юрыдычным асобам. 26 абвінавачаных — грамадзяне Расеі. Шасьцёра — былыя дарадцы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа: былы дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Майкл Флін, былы кіраўнік выбарчага штабу Пол Манафорт, былы намесьнік кіраўніка выбарчага штабу Рык Гейтс, былы асабісты адвакат Трампа Майкл Коэн і былы дарадца Трампа Роджэр Стоўн.