Брытанская мэдыя-карпарацыя Бі-бі-сі папрасіла прабачэньня ў прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі за публікацыю з траўня 2018 году, у якой сьцьвярджалася, быццам бы ўлады Ўкраіны праз пасярэдніка заплацілі каля паўмільёна даляраў былому адвакату прэзыдэнта ЗША Майклу Коэну за арганізацыю сустрэчы Парашэнкі з Дональдам Трампам.
Таксама кампанія пагадзілася пакрыць Парашэнку прычыненую маральную шкоду і панесеныя ім судовыя выдаткі. Сума, якую выплаціць брытанская карпарацыя, не называецца.
Раней Высокі суд Лёндану задаволіў пазоў Парашэнкі да Бі-бі-сі. Прэзыдэнт Украіны патрабаваў ад кампаніі прызнаць неадпаведнай рэчаіснасьці інфармацыю, разьмешчаную ў матэрыяле пра яго сустрэчы з Трампам, і напісаць абвяржэньне. На думку Парашэнкі, публікацыя нашкодзіла ягонай рэпутацыі.
Бі-бі-сі ужо выдаліла матэрыял пра сустрэчу Парашэнкі з Трампам з сайта выданьня — на сёньня ён даступны толькі на сайце ўкраінскай службы.