Пры сабе ў Юйцзін Чзан знайшлі флэш-карту з шкодным праграмным забесьпячэньнем.
30 сакавіка супрацоўнікі Сакрэтнай службы ЗША затрымалі грамадзянку Кітая, якая спрабавала незаконна пранікнуць у рэзыдэнцыю прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Мар-а-Лага, на поўдні штату Флорыда. Пра гэта гаворыцца ў матэрыялах суду Паўднёвай акругі Флорыды, паведамляе «Голас Амэрыкі».
У дакумэнтах, якія былі пададзеныя 1 красавіка ў суд Сакрэтнай службай, гаворыцца, што каля поўдня ў суботу 30 сакавіка грамадзянка КНР Юйцзін Чзан падышла да супрацоўнікаў Сакрэтнай службы, якія займаюцца праверкай наведнікаў прыватнага клюбу, разьмешчанага ў прэзыдэнцкім маёнтку ў Мар-а-Лага.
Жанчына паказала супрацоўнікам бясьпекі два кітайскія пашпарты, выпісаныя на яе імя, заявіўшы, што ёй трэба трапіць у клюбны басэйн. Супрацоўнікі Сакрэтнай службы не змаглі знайсьці яе імя ў сьпісе асобаў, якім дазволены ўваход у Мар-а-Лага. Па словах кіраўніка клюбу, у сьпісе сяброў значыўся чалавек па прозьвішчы Чзан. Хоць Юйцзін не змагла даць выразны адказ на пытаньне, ці зьяўляецца яна дачкой Чзан, кіраўніцтва клюбу дазволіла ёй уваход на тэрыторыю маёнтка.
Падазрэньні ў супрацоўнікаў клюбу ўзьніклі пасьля таго, як Чзан не змагла ўцямна растлумачыць мэту наведваньня Мар-а-Лага. Яна заявіла, што прыехала ў клюб для ўдзелу ў імпрэзе, арганізаванай Кітайска-амэрыканскай асацыяцыяй ААН. Аднак неўзабаве высьветлілася, што гэтае сьцьвярджэньне не адпавядае рэчаіснасьці.
Адміністратар зьвязаўся з супрацоўнікамі Сакрэтнай службы, якія размаўлялі з Юйцзін Чзан, і прыйшоў да высновы, што ў жанчыны не было пры сабе дакумэнтаў, якія дазваляюць ёй знаходзіцца на тэрыторыі Мар-а-Лага.
Пры затрыманьні ў Чзан выявілі пры сабе чатыры мабільныя тэлефоны, ноўтбук, вонкавы цьвёрды дыск і флэш-назапашвальнік. Першапачатковая праверка флэш-карты паказала, што ў ёй ёсьць «шкоднае праграмнае забесьпячэньне», гаворыцца ў паведамленьні Сакрэтнай службы.
Жанчыне прад’явілі абвінавачаньні ў незаконным пранікненьні на ахоўную тэрыторыю, а таксама ў дачы лжывых паказаньняў праваахоўным органам.
2 красавіка на судовым пасяджэньні грамадзкі абаронца, які прадстаўляе інтарэсы Чзан, заявіў, што ягоная кліентка выкарыстоўвае сваё права захоўваць маўчаньне.
У прэс-службе Міністэрства юстыцыі не пракамэнтавалі арышту Чзан.