Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп уручыў кіраўніку КНДР Кім Чэн Ыну пісьмовае патрабаваньне аб перадачы Вашынгтону ўсіх наяўных у краіне запасаў ядзерных боезарадаў і атамнага паліва.
Гэта было зроблена 28 лютага на амэрыкана-паўночнакарэйскіх перамовах у Ханоі, сьцьвярджае агенцтва Reuters. Акрамя таго, ЗША запатрабавалі поўнага дэмантажу ракетна-ядзернай інфраструктуры і аб’ектаў падвойнага прызначэньня, якія адносяцца да ядзернай сфэры, уключна з прадпрыемствамі па ўзбагачэньні ўрану.
Паводле інфармацыі агенцтва, тады ўпершыню Трамп выразна сфармуляваў, што Злучаныя Штаты маюць на ўвазе пад дэнуклеарызацыяй Паўночнай Карэі — «канчатковай, поўнай, якая паддаецца праверцы».
У той жа дзень, 28 лютага, быў нечакана адменены рабочы сьняданак Трампа і Кіма. Паводле ацэнкі аналітыкаў, паўночнакарэйскі кіраўнік павінен быў успрыняць ініцыятыву Трампа як абразьлівую. ЗША адмовіліся ў адказ цалкам зьняць з КНДР эканамічныя санкцыі.
Патрабаваньне аб перадачы ўсіх ядзерных боезарадаў і атамнага паліва, вядомае як «лібійскі сцэнар», зыходзіла ад памочніка Трампа па нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана, лічаць крыніцы Reuters, прычым сам прэзыдэнт да гэтага ахарактарызаваў «лібійскі сцэнар»як запасны, які падлягае актывацыі толькі ў крайнім выпадку, калі бакі ня змогуць прыйсьці да больш узважанага пагадненьня.
Пхэньян раней абвінавачваў Болтана і дзяржсакратара Пампэа ў вылучэньні «гангстарскіх патрабаваньняў» і прыгразіў спыненьнем перамоваў і вяртаньнем да ракетна-ядзерных выпрабаваньняў. Ні Белы дом, ні Дзяржаўны дэпартамэнт ня сталі камэнтаваць інфармацыю Reuters, паколькі яна базуецца на закрытым службовым дакумэнце.
У чэрвені 2018 году прэзыдэнт ЗША правёў першую ў гісторыі сустрэчу з кіраўніком КНДР. Бакі дамовіліся аб імкненьні да «поўнай дэнуклеарызацыі Карэйскай паўвыспы» у абмен на гарантыі бясьпекі Паўночнай Карэі. Пры гэтым санкцыі за выпрабаваньні ядзернай і ракетнай зброі супраць КНДР захоўваюцца — да таго часу, пакуль застаецца «ядзерны фактар»у адносінах Пхэньяну з астатнім сьветам.
Ядзерны арсэнал Паўночнай Карэі, паводле розных ацэнак, можа складацца з 10 або 60 выбуховых прыстасаваньняў. Краіна заявіла аб выпрабаваньні вадароднай бомбы. Экспэрты па-рознаму ацэньваюць, ці здольная прамысловасьць Паўночнай Карэі ствараць мініятурныя ядзерныя выбуховыя прылады, якія можна было б выкарыстоўваць у боегалоўках балістычных ракет.