Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што былы адвакат Трампа сказаў Кангрэсу


Майкл Коэн перад слуханьнямі
Майкл Коэн перад слуханьнямі

Былы адвакат прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Майкл Коэн 27 лютага дае паказаньні пад прысягай у адным з камітэтаў амэрыканскага Кангрэсу.

Слуханьні ў Кангрэсе дагэтуль трансьлююца ў жывым эфіры:

У сваёй уступнай прамове Коэн назваў прэзыдэнт ЗША «махляром» і «падманшчыкам», а таксама заявіў, што Трамп ведаў падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2016 году пра перамовы, якія вяліся ў Маскве арганізацыяй Трампа, каб пабудаваць там хмарачос.

У ранейшых паказаньнях перад Кангрэсам Коэн сьцьвярджаў, што Трамп ня ведаў пра перамовы падчас выбарчай кампаніі.

У сьнежні 2018 году Коэн быў асуджаны на тры гады турэмнага зьняволеньня судом у Нью-Ёрку. Сярод абвінавачаньняў супраць яго была хлусьня Кангрэсу аб будаўнічых плянах прэзыдэнта ЗША ў Маскве і тайная перадача 130 тысяч даляраў былой порназорцы Стэфані Кліфард (вядомай як Стормі Дэніелс) за маўчаньне аб меркаваных сэксуальных сувязях з Трампам. Большасьць авінавачаньняў тычыліся асабістых фінансавых парушэньняў з боку Коэна.

На сёньняшняе паседжаньне Коэн прынёс шэраг дакумэнтаў, у тым ліку чэк на 35 тысяч даляраў, выпісаны асабіста Дональдам Трампам у 2017 годзе. Паводле Коэна, гэта была адна з выплатаў, каб кампэнсаваць тыя грошы, якія ён заплаціў за маўчаньне падчас выбарчай кампаніі.

«Мне сорамна, што я выбраў ўзяць удзел ў прыкрыцьці незаконных дзеяньняў спадара Трампа замест таго, каб слухаць сваё ўласнае сумленьне. Мне сорамна, бо я ведаю, хто такі спадар Трамп. Ён расіст. Ён махляр. Ён падманшчык», — сказаў Коэн.

Акрамя таго, Коэн заявіў, што нядаўна арыштаваны палітычны дарадца Трампа Роджэр Стоўн загадзя папярэдзіў Трампа яго пра перамовы з заснавальнікам WikiLeaks Джуліанам Асанжам, падчас якіх той сказаў, што сайт апублікуе электронную перапіску, якая нанясе шкоду выбарчай кампаніі Гілары Клінтан.

Коэн таксама заявіў, што Трамп дазваляў сабе расісцкія выказваньні ў адрас чарнаскурых жыхароў ЗША.

Перад слуханьнямі прэзыдэнт Трамп абвінаваціў Коэна у тым, што той «хлусіць, каб зьменшыць ягоны тэрмін у турме».

«Майкл Коэн быў адным з многіх адвакатаў, якія прадстаўлялі мяне (на жаль). У яго былі і іншыя кліенты. Ён быў пазбаўлены ліцэнзіі за хлусьню і махлярства. Ён рабіў дрэнныя рэчы, не зьвязаныя з Трампам. Ён хлусіць, каб скараціць тэрмін свайго турэмнага зьняволеньня», — заявіў прэзыдэнт ЗША.

Кангрэсмэны ад апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі ў асноўным задавалі Коэну пытаньні датычна юрыдычных і бізнэс-аспэктаў працы на Дональда Трампа. Рэспубліканцы, у сваю чаргу, у асноўным крытыкавалі самога Коэна, называючы яго хлусам, словам якога немагчыма верыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG