Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«8 гадоў я быў ахвярай пэдафіла», — гранічна шчырая споведзь

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

33-гадовы Віктар у дзяцінстве, з 7 да 15 гадоў, быў ахвярай пэдафіла, свайго стрыечнага брата. У «даінтэрнэтныя» часы ён нічога ня ведаў пра сэкс і, знаходзячыся пад уплывам старэйшага, лічыў такія адносіны натуральнымі. Віктар вырашыў расказаць тое, пра што маўчаў шмат гадоў. Рэдакцыя ведае сапраўднае імя мужчыны, але на ягоную просьбу мы захоўваем ананімнасьць. Віктар дамагаецца не пакараньня пэдафіла, які цяпер мае жонку і дачку; ён хоча, каб іншых дзяцей не напаткаў ягоны лёс.

Сьцісла пра гісторыю гвалту:

  • Пачалося як гульня, амаль без прымусу, працягвалася як норма.
  • Восем гадоў кантактаў зь Аляксеем — палову дзяцінства.
  • Думкі пра тое, што я гэты выбар не рабіў і што гэта быў гвалт, зьявіліся толькі тады, калі мне споўнілася 22 гады.
  • Ахвярамі пэдафіліі, як правіла, становяцца паслухмяныя дзеці.

«Такім зручным чалавекам для яго стаў я»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Я паглядзеў чатырохгадзінны фільм пра меркаваную пэдафілію Майкла Джэксана і дагэтуль у шоку.

Я быў ахвярай непаўналетняга пэдафіла. Гэта быў мой стрыечны брат, сын сястры маці. Аляксей быў старэйшы за мяне на 8 гадоў. Гэта пачалося, калі мне было 7 гадоў. Да 15 гадоў у нас былі полавыя кантакты з ініцыятывы Аляксея. Гэта такая гісторыя, калі яму ўсё хочацца, але пад рукой няма патрэбнага партнэра ці партнэркі. Такім зручным чалавекам для яго стаў я.

Нашыя сем’і былі дастаткова блізкія, мы жылі ня разам, але часта бачыліся на сямейных падзеях, на лецішчы. Паколькі я быў малодшым, мяне часта пакідалі Аляксею на нагляд. Усе адбывалася гэтак жа, як і ў фільме пра Майкла Джэксана. Гэта былі ня проста полавыя акты, але даволі блізкая эмацыйная сувязь, стасункі сяброў. Калі б у далейшым быў судовы працэс, то я, маючы пачуцьцё ўнутранага сораму, напэўна, даў бы паказаньні ў абарону Аляксея. А таксама і таму, што такія рэчы ўспрымаюцца нашым грамадзтвам адмоўна.

Калі палічыць колькасьць полавых кантактаў за восем гадоў, то гэта было прыкладна адзін раз на квартал. Гэта адбывалася як гульня зь невялікім прымусам, і потым гэта стала як нешта, што мае быць. Я тады думаў, што так могуць рабіць розныя людзі ў маім узросьце, што гэта нармальна. Тое, што адбылося, мне пазьней нават крыху падабалася.

Нашы кантакты былі аральнага і анальнага характару, прычым з абодвух бакоў. Ён навучыў мяне мастурбаваць і выкарыстоўваць падручныя прадметы ў выглядзе інтымных цацак. Ён быў не дамінантным партнэрам, атрымліваў задавальненьне ў абодва бакі.

Гэта яшчэ была эра да інтэрнэту. Сэксуальнае выхаваньне было толькі ў школе, калі мне было гадоў 15. Да гэтага я нічога ня ведаў. Я толькі ведаў, што нешта дарослыя робяць паміж сабой, і гэта нейкая забароненая тэма для дзяцей. Нічога ня ведаў, выходзіць.

«Ён мае сямʼю, у яго ўсё добра, але ягоныя родныя ня ведаюць, што ён сапсаваў мне дзяцінства»

Я цяпер разумею, што ў Аляксея проста было вельмі моцнае лібіда, і яму хацелася ўсяго. На дадзены момант ён узорны семʼянін, у яго ёсьць жонка і 15-гадовая дачка. У мяне зь ім няма ніякіх кантактаў.

Думкі пра тое, што я гэты выбар не рабіў і што гэта быў гвалт, зьявіліся толькі, калі мне было 22 гады. Часам у мяне зьяўляліся думкі пра расплату. Гэтае пачуцьцё цалкам атручвала маю душу. Ён мае сямʼю, у яго ўсё добра, але ягоныя родныя ня ведаюць, што ён сапсаваў мне дзяцінства.

Пра ягонае дзяцінства я ня ведаю нічога. Для мяне загадка, чаму так адбылося. Магчыма, ён таксама стаў у дзяцінстве ахвярай такіх кантактаў, магчыма, гэта адбывалася, таму што ён рос без уплыву бацькі.

Мы некалькі разоў бачыліся на сямейных мерапрыемствах кшталту пахаваньняў. Ён забіраў нас зь лецішча на машыне разам са сваёй дачкой. Па ягоным выразе твару я бачу, што ён усё памятае. Так, яму сорамна, але адначасна ён ня лічыць гэта нечым надзвычайным.

«У выніку аднаполага ўзьдзеяньня ў раньнім узросьце я стаў геем»

Восем гадоў кантактаў з Аляксеем — гэта палова майго дзяцінства. У выніку аднаполага, гомасэксуальнага ўзьдзеяньня ў раньнім узросьце я стаў геем. Гэта адбылося менавіта так, як тлумачыць Фройд, які першым апісаў гэты мэханізм. Ён пісаў, што гомасэксуалізм узьнікае ў некаторых выпадках у выніку траўматычнага ўзьдзеяньня, і за дзіця робяць выбар, ссоўваючы ягоную полавую арыентацыю ў адзін з бакоў. Дзеці, паводле Фройда, больш бісэксуальныя, іх полавая арыентацыя замацоўваецца ў выніку ўзьдзеяньняў, і адным з такіх узьдзеяньняў служыць аднаполы гвалтоўны кантакт.

Калі мне споўнілася 18 гадоў, маці стала разумець, што са мной адбываецца гомасэксуальная гісторыя. Яна аднойчы ўбачыла маю перапіску з хлопцам зь іншага гораду, дзе праскоквалі аднаполыя моманты. Натуральна, яна бедавала, вінаваціла мяне ўва ўсім. У 22 гады я стаміўся ад псыхалягічнага ціску і сказаў маці, што і яна вінаватая ў гэтым таксама, паколькі не заўважала рэчаў, якія адбываліся са мной у раньнім дзяцінстве.

Маці была ў шоку, казала абсалютна няслушныя рэчы, кшталту, што мне гэта спадабалася. Калі пазьней у нас узьнікалі спрэчкі наконт гэтага, я адкрыта ёй гаварыў, што яна не гарантавала бясьпеку дзіцяці і «праваліла» сваю мацярынскую задачу. Гэта вельмі цяжкія словы, яны нанесьлі траўму маці, але я лічу, што зрабіў слушна, таму што крыху зь сябе пераклаў адказнасьць за тое, што адбылося, і больш не самабічуюся.

«Ахвярамі пэдафіліі, як правіла, становяцца паслухмяныя дзеці»

Мы часта гадуем вельмі добрых дзяцей, і пад словам «добры» мы разумеем — зручны. Ахвярамі пэдафіліі, як правіла, становяцца паслухмяныя дзеці. Так, дзіця павінна быць паслухмяным, але калі мы будуем крышталёвую сьцяну паміж дзіцем і дарослым, то яно будзе зручнай ахвярай для пэдафіла.

Што трэба рабіць? Выхоўваць у дзіцяці асобу. Бацькі павінны разумець сваю асноўную бацькоўскую задачу не як сюсюканьне і кармленьне. Трэба рабіць, як на Захадзе — гаварыць зь дзецьмі пра сэкс, пачынаючы з 5-гадовага ўзросту. Гэта складаны момант, але іншых шляхоў я ня бачу. Я лічу, што дзіця павінна ведаць, што ёсьць нейкія дзеяньні, якія робяць дарослыя ня толькі для нараджэньня дзяцей, але і для выказваньня свайго каханьня адзін да аднаго. Я лічу, што нічога ня будзе дрэннага, калі дарослыя раскажуць пра тое, што яны абдымаюцца, каб паказаць, што кахаюць адзін аднаго.

Можна сказаць дзіцяці: «Мне б хацелася, каб ты так не рабіў, або рабіў гэта пазьней, калі вырасьцеш. Я табе гэта тлумачу, каб ты ня стаў ахвярай людзей, якія маюць псыхалягічныя адхіленьні і якія могуць цябе выкарыстаць дзеля ўласнага задавальненьня». Трэба браць ляльку, разьдзяваць яе, паказваць на грудзі, полавыя органы пальцам і пытацца, ці нехта там да цябе дакранаўся. Можна проста купаць гэтую ляльку і раптам запытацца, ці дакранаўся да цябе нейкі дарослы, чужы чалавек гэтак, як я цябе мыю ў ваннай. Я лічу, што гэтыя дзеяньні могуць крыху зьнізіць верагоднасьць пэдафіліі.

І трэцяя парада такая — як мага меней пакідаць дзяцей адных. Гэта складана. У некаторых краінах ёсьць заканадаўства, якое забараняе пакідаць непаўналетніх дзяцей адных або пад наглядам адзін аднаго ці родных. Трэба ведаць, што 95–98% пэдафілаў — гэта родныя, сябры сямʼі, гэта вельмі блізкія людзі.

«Дзеці будуць расьці ў атмасфэры патрэбы адпомсьціць. І ў мяне так было»

У 17–18 гадоў я пачаў разумець, што гэта разбурае мяне, што я не магу нармальна кантактаваць зь людзьмі. Я зьвярнуўся да літаратуры, і гэта зьмяніла маё жыцьцё. Я цалкам прачытаў Зыгмунда Фройда. Частка ягоных тэорый памылковая, але сэксуальнасьць ён апісаў збольшага слушна. Я прачытаў працы многіх ягоных пасьлядоўнікаў і многіх ягоных праціўнікаў. Я прачытаў некаторых сучасных аўтараў і знайшоў некаторыя апісаньні тэрапіі, якія робяць зь людзьмі, якія перажылі сэксуальны гвалт.

Я многія этапы паўтараў. Гаварыць пра гэта публічна — адзін з этапаў, якія падае сучасны псыхоляг Сʼюзан Форвард. Яна напісала бэстсэлер «Таксычныя бацькі», перакладзены на шмат якія мовы. Я спрабаваў кантактаваць з псыхолягамі онлайн, і дагэтуль гэта раблю, але ў краінах СНД псыхалягічная дапамога да нядаўняга часу была вельмі прымітыўная і зводзілася толькі да заявы псыхолягаў, што трэба думаць больш пазытыўна. Цяпер з гэтым стала лепей.

Пачуцьцё рэваншызму разьядае асобу. Дзяцей нельга біць менавіта таму, што яны будуць мець патрэбу ў рэваншы перад дарослымі. Дзеці будуць расьці ў атмасфэры патрэбы адпомсьціць. І ў мяне так было. Я ня мог атрымліваць задавальненьне ад мастацтва, птушак, прыроды і гэтак далей. Усё раздражняла — Лукашэнка, рэлігія, сваё цела, шум посуду на кухні. Гэта ў псыхалёгіі называецца самаразбурэньне.

Адпомсьціць, у прынцыпе, можна, але ёсьць верагоднасьць, што калі пра гэта раскажаш, рэакцыя можа быць істотна супрацьлеглай. Многія пачнуць яму суперажываць, думаючы, што я хачу адпомсьціць ці разбурыць ягоную сямʼю. Найхутчэй, суперажываць мне ня будуць таму, што я хачу вынесьці сьмецьце з хаты.

Я лічу, што прымаўка аб невынясеньні сьмецьця з хаты — гэта самае нэгатыўнае, што магло нарадзіцца ў нашай культуры. Каб перажыць гэтую траўму, трэба гаварыць пра гэта, што я цяпер і раблю. Я гавару пра гэта зь незнаёмым чалавекам абсалютна свабодна, заяўляючы атачэньню і самому сабе пра тое, што гэта на мяне больш ніяк ня ўзьдзейнічае і больш не атручвае маё жыцьцё.

«Гэта тыповая гісторыя»

Споведзь Віктара камэнтуе Андрэй Маханько, старшыня праўленьня міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Разуменьне», якое дапамагае ў тым ліку і дзецям — ахвярам сэксуальнага гвалту.

Андрэй Маханько.
Андрэй Маханько.

— Гэта тыповая гісторыя, у тым ліку і таму, што гэта адбывалася ў сямʼі, і ахвяра нічога ня ведала пра сэксуальныя адносіны. Звычайна сярод ахвяраў сэксуальнага гвалту супраць дзяцей — траціна хлопчыкаў і дзьве траціны дзяўчатак.

Я пачаў займацца гэтай праблемай 16 гадоў таму. За гэты час я пабачыў столькі, што нікому не пажадаю. Калі дзеці нічога ня ведаюць пра сэкс і бацькі зь імі пра гэта не размаўляюць, ніякіх правілаў бясьпекі дзеці ня ведаюць. У школе выкладаюць прадмет «Асновы бясьпекі жыцьцядзейнасьці», але ў ім няма разьдзелаў з інфармацыяй пра тое, адкуль дзеці бяруцца, а таксама пра тое, як бясьпечна сябе паводзіць, каб ня стаць ахвярай гвалту наогул і сэксуальнага гвалту ў прыватнасьці.

«Гэтыя злачынцы былі, ёсьць і будуць, толькі выкрываньне іх злачынстваў стала больш якасным, узрасло ў 4 разы на працягу 10 гадоў»

— Я так разумею, што ў выпадку з такімі злачынствамі складана казаць пра дакладную статыстыку, бо ахвяры часта маўчаць, як шмат гадоў маўчаў Віктар.

— Чаму? Ёсьць статыстыка. Мы павінны гаварыць, колькі такіх выпадкаў адбываецца, як расьце выкрывальнасьць зь цягам часу. Мы пачыналі з распрацоўкі стратэгіі барацьбы з гвалтам у дачыненьні да дзяцей. Гэта быў 2009 год. Усё будавалася на трох кітах — заканадаўства, інфраструктура і адукацыя. У 2008 годзе было зарэгістравана 238 злачынстваў сэксуальнага характару ў дачыненьні да дзяцей. І гэтая лічба ўзрастала год ад году. Мы адчынялі «дружалюбныя дзецям пакоі», мянялася заканадаўства і падзаконныя акты, выпускалі мэтадычныя рэкамэндацыі сумесна са Сьледчым камітэтам.

У 2016 годзе былі ўнесеныя зьмены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Зьмяніўся артыкул 224.1, частка 3, у якой гаворыцца пра тое, што аўдыё-відэа канфэрэнц-сувязь павінна ўжывацца ў крымінальных справах, дзе ахвярамі зьяўляюцца непаўналетнія. Мы легалізавалі на заканадаўчым узроўні прыязныя для дзяцей пакоі апытаньня і разуменьня. Цяпер у Беларусі дзейнічае 21 такі пакой.

У 2009 годзе ў Беларусі было выкрыта 270 злачынстваў на сэксуальнай глебе супраць непаўналетніх, у 2014-м — ужо больш за 500, і ўжо ў 2018-м — 1012 выпадкаў. Мы перакрочылі мяжу 1000 выяўленых сэксуальных злачынстваў супраць дзяцей у год. Але гэта ня значыць, што па вуліцах пачалі бегаць натоўпамі сэксуальныя злачынцы і ўсіх гвалціць. Гэтыя злачынцы былі, ёсьць і будуць, толькі выкрываньне іх злачынстваў стала больш якасным, узрасло ў 4 разы на працягу 10 гадоў.

«Тыя, хто мае мужнасьць распавесьці пра тое, што зь імі адбывалася, — сапраўдныя героі»

— Віктар кажа, што штуршком для споведзі паслужыў нядаўні фільм пра Майкла Джэксана і што ён не зьбіраецца помсьціць, што для яго важна падзяліцца сваім траўматычным досьведам, каб ведалі іншыя. Ці слушная гэта пазыцыя?

— Калі была прэмʼера фільму, я нават напісаў рэжысэру Дэну Рыду і HBO ліст з падзякай, што такое кіно выйшла. У мяне нават сьлёзы былі, калі глядзеў, бо я досыць эмацыйна гэтыя рэчы ўспрымаю. Вялікі дзякуй Віктару, які распавёў пра тое, што адбывалася. Мая пазыцыя ў гэтым вельмі цьвёрдая. Тыя, хто мае мужнасьць распавесьці пра тое, што зь імі адбывалася, — сапраўдныя героі.

Мы разумеем, што жывём у традыцыйным грамадзтве, што градус гамафобіі дастаткова высокі, што талерантнасьць у беларускім грамадзтве — зьява вельмі ўмоўная. Тое, што ён пачаў распавядаць, вельмі важна. Ахвяры не павінны маўчаць, і ў грамадзтве павінен быць рэсурс, каб дапамагчы ім. Казаць пра гэта ў Беларусі пакуль не выпадае. Таму ахвяры, якія пачынаюць гаварыць, удвайне мужныя.

Што тычыцца помсты, магчымага суду, то гэта праблема шмат якіх пераходных грамадзтваў, дзе не заўсёды спрацоўвае прынцып непазьбежнасьці пакараньня. Калі ёсьць нейкія сувязі ў вышэйшых эшалёнах, ёсьць сацыяльны капітал, грошы, то чалавек можа пазьбегнуць пакараньня. «Адбельвалі» шмат каго, давалі 5 гадоў турмы замест 20 гадоў.

Для мяне горка ведаць, калі людзі, якія ўчынілі злачынства, пазьбягаюць адказнасьці, калі ахвяры ня бачаць справядлівасьці. Гэта ня помста, насамрэч гэта аднаўленьне справядлівасьці для ахвяры. І калі гэтага няма, ахвяра атрымлівае яшчэ адну псыхалягічную траўму. Што да дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі, то пры ўсіх іх «касяках» скажу, што яны вельмі ўважліва ставяцца да гвалтоўных злачынстваў у дачыненьні да дзяцей.

«Не зусім абгрунтавана, што ў выніку такіх кантактаў ён стаў геем»

Сямейны псыхоляг і псыхатэрапэўтка Вольга Андрэева, якая раней працавала ў Менскім сэксалягічным цэнтры, лічыць не зусім абгрунтаванай выснову, што Віктар стаў геем з прычыны аднаполага ўзьдзеяньня ў дзяцінстве.

Вольга Андрэева, псыхоляг. Фота Вольгі Граў.
Вольга Андрэева, псыхоляг. Фота Вольгі Граў.

— Я думаю, што гэта занадта наўпроставая заява, што ў выніку такіх кантактаў ён стаў геем. Стрыечны брат, які яго разбэсьціў, сам жа ня стаў геем. Адназначна, гэта ня робіць чалавека геем, толькі тады, калі ёсьць пэўная схільнасьць ад прыроды да таго, каб сфармавалася гомасэксуальная арыентацыя. Наўпрост абвінавачваць у гэтым наўрад ці абгрунтавана.

Такія спакушэньні дзяцей іншымі непаўналетнімі адбываліся. Наколькі яны распаўсюджаныя, цяжка сказаць, бо такой статысткі няма, бо хто пра гэта раскажа. Але адназначна, што гэта адбывалася і адбываецца. Сапраўды, гэта пачынаецца як гульня, а потым межы дзіцяці парушаюцца ўсё далей і далей, і межы ягонага цела ўжо не спыняюць старэйшага.

Гэта адбывалася дастаткова доўга, з 7 да 15 гадоў. Калі шчыра, мне складана паверыць у тое, што Віктар нічога ня ведаў пра сэкс, пра гомасэксуальныя адносіны. Як мінімум палову гэтага тэрміну існуе інтэрнэт, у падлеткавым асяродзьдзі ёсьць размовы, мы не ў такім ужо вакуўме жывём, каб лічыць, што ён ніяк ня мог быць інфармаваны. Падлеткі ж актыўна размаўляюць на сэксуальныя тэмы.

Віктар, безумоўна, траўмаваны. Яго траўмавала, што гэта адбывалася безь ягонай згоды, карыстаючыся ягоным дзіцячым узростам, нясьпеласьцю і безабароннасьцю. Я ня вельмі згодная, што дапамогі ён ня мог атрымаць. У Менску шмат гадоў працаваў сэксалягічны цэнтар, там было шмат добра падрыхтаваных псыхолягаў для працы з такой тэматыкай. Я сама там працавала з 1995 па 2002 год. Мы з такімі выпадкамі працавалі.

Каб казаць пра тэрапэўтычную стратэгію, то для ахвяры асноўная патрэба, каб гвалтаўнік прынёс прабачэньні. Можа, ёсьць сэнс са стрыечным братам пагаварыць, каб ён прызнаў, што ён яго траўмаваў. Было б важна атрымаць хаця б якія словы прабачэньня, калі гэта магчыма. Калі не, то тады патрэбная тэрапія.

Найбольш гучныя выпадкі пэдафіліі ў Беларусі

  • У 2013 годзе ў Беларусі раскрылі найбуйнейшы ў сьвеце выпадак сэксуальнага гвалту ў дачыненьні да дзяцей. Пацярпелымі былі сотні, а магчыма і тысячы дзяцей, супраць пэдафіла было заведзена 60 крымінальных спраў. Ён атрымаў 17 гадоў турмы.
  • У 2017 годзе анэстэзіёляг-рэаніматоляг Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч. 3 арт. 167 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Лекар учыняў гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да малалетніх пацыентаў з анкалягічнымі захворваньнямі.
  • У 2017 годзе ў Крупках лекар, загадчык пэдыятрычнага аддзяленьня раённай бальніцы, асуджаны на 9,5 года. Цягам 6 гадоў доктар учыняў гвалтоўныя дзеяньні ў адносінах да хлопчыкаў з рознымі псыхічнымі захворваньнямі.
  • У 2016 годзе былы старшыня міжнароднай дабрачыннай арганізацыі «Ў дапамогу дзецям-сіротам» Вячаслаў Давыдовіч асуджаны паводле артыкулаў 168 (незаконныя дзеяньні сэксуальнага характару зь непаўналетнім) і 233-2 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць) і пакараны 5 гадамі зьняволеньня.
  • У Стоўпцах трэнэр па мастацкай гімнастыцы, які гвалціў дзяўчатак 6–14 гадоў, асуджаны на 11,5 года. Па апэратыўных зьвестках, у яго быў не адзін дзясятак ахвяраў. Мужчына не пашкадаваў нават сваіх стрыечных сясьцёр. Яму быў пастаўлены дыягназ «пэдафілія».
  • У 2017 годзе ў Віцебску кожныя выходныя цягам двух гадоў дзеці прыяжджалі ў госьці да дзядулі, дзе іх чакалі недзіцячыя забавы. Дарослыя мужчыны ўступалі ў полавую сувязь зь імі, а таксама адзін з адным на вачах у дзяцей, усё гэта здымалася на відэа. Дзядуля зь сябрам атрымалі па 16 гадоў пазбаўленьня волі. Зь дзецьмі потым доўга працавалі псыхолягі.
  • У 2018 годзе міліцыя арыштавала мужчыну, які каля 20 гадоў прадаваў відэа са сцэнамі сэксуальнага гвалту над дзецьмі. Міліцыя таксама затрымала дзьвюх маці дзяўчатак з Наваполацку, якія за грошы дазвалялі гвалт над сваімі дзецьмі. Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу. Каб выявіць замежных саўдзельнікаў затрыманага, да расьсьледаваньня далучылі Інтэрпол.

Паводле Міжнароднай клясыфікацыі хваробаў (МКХ-10), пэдафілія — гэта хвароба, «разлад сэксуальнай схільнасьці» (код F65.4). Дыягназ «пэдафілія» ў асноўным ставяць злачынцам падчас сьледзтва, праводзячы складаныя псыхоляга-псыхіятрычныя экспэртызы. Але гэты дыягназ не вызваляе ад пакараньня і ня можа служыць «зьмякчальнай акалічнасьцю» пры вынясеньні прысуду.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG