Пракуратура Горадзенскай вобласьці расказала пра аналіз дзейнасьці «зацікаўленых органаў, ведамстваў і службаў у выкананьні заканадаўства аб полавай недатыкальнасьці непаўналетніх».
Як піша пракуратура, праблема пэдафіліі «ў апошні час абвастрылася і патрабуе неадкладнага комплекснага рэагаваньня». У 2018 годзе ў вобласьці 112 непаўналетніх былі прызнаныя пацярпелымі ў злачынствах, зьвязаных з полавай недатыкальнасьцю або полавай свабодай. У 2017-м такіх было 56. Статыстыка за іншыя гады або па іншых абласьцях не прыводзіцца.
Прычынамі павелічэньня колькасьці пацярпелых пракуратура бачыць парушэньні і недахопы ў працы дзяржаўных органаў і ўстановаў, у тым ліку:
- бескантрольнасьць з боку бацькоў за адпачынкам дзяцей і незабесьпячэньне іх занятасьці;
- «прыніжаны» кантроль за дзецьмі з праблемных сем’яў;
- неналежная прафіляктычная праца з падлеткамі, схільнымі да асацыяльных паводзінаў;
- незабесьпячэньне полавай недатыкальнасьці дзяцей установамі адукацыі, аховы здароўя і культуры;
- ігнараваньне выканаўчымі і распарадчымі органамі і іншымі арганізацыямі патрабаваньняў заканадаўства аб выключэньні доступу дзяцей да «патэнцыйна небясьпечных месцаў»;
- невыкананьне прадпрыемствамі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі патрабаваньняў аб абмежаваньні доступу на паддашшы жылых дамоў;
- закрытасьць тэмы полавага выхаваньня, адсутнасьць дастатковай кампэтэнцыі і досьведу ў спэцыялістаў, занятых зь дзецьмі, і недастатковая актыўнасьць бацькоў;
- Інтэрнэт, зь якога падлеткі «бескантрольна атрымліваюць нэгатыўную інфармацыю».
Генпракуратура таксама расказала пра нядаўнія прысуды, аб якіх раней не паведамлялася.
У студзені 2019 году суд Астравецкага раёну прызнаў вінаватым у гвалтоўных дзеяньнях сэксуальнага характару грамадзяніна, ахвярамі якога сталі 16 непаўналетніх ва ўзросьце ад 6 да 15 гадоў. Яму прысудзілі 12,5 года пазбаўленьня волі.
Суд Горадзенскага раёну вынес прысуд 20-гадоваму выхаваўцу дзіцячага лягера за сэксуальныя дзеяньні з 15-гадовым выхаваўцам прыёмнай сям’і, спалучаныя з уцягваньнем ва ўжываньне алькаголю — але які быў прысуд і калі адбываўся суд, не паведамляецца.