Толькі за два месяцы 2018 году колькасьць пацярпелых ад сэксуальнага гвалту дзяцей у Беларусі павялічылася амаль у два разы ў параўнаньні зь мінулым годам — выяўлена 113 ахвяраў. Колькасьць падазраваных павялічылася ў паўтара раза, сёлета іх 83.
Такія лічбы агучыў на прэс-канфэрэнцыі 14 сакавіка начальнік галоўнага ўпраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі МУС Генадзь Казакевіч, перадае БЕЛТА.
«Значная частка злачынстваў валодае дзьвюма прыкметамі — працягласьць і шматэпізоднасьць», — сказаў Генадзь Казакевіч.
Паводле прадстаўніка МУС, сярод асноўных прычынаў гэтага — замоўчваньне фактаў сэксуальнага гвалту бацькамi, самімі дзецьмі, а таксама кіраўнікамі установаў адукацыі і аховы здароўя, якім гэтыя факты становяцца вядомыя. У сувязі з гэтым МУС зьвярнула асаблівую ўвагу на праблему латэнтнасьці пэдафіліі, што дазваляе вінаватым і іх ахвярам доўгі час заставацца па-за полем зроку праваахоўнікаў.
«За апошнія 5 гадоў колькасьць устаноўленых фактаў сэксуальнага гвалту над дзецьмі вырасла ў 15 разоў, а колькасьць ахвяраў гэтых злачынстваў — амаль у 4 разы. Сёньня ўдзельная вага пэдафіліі складае практычна 40% злачынстваў, зьвязаных з гандлем людзьмі. І значная частка гэтых злачынстваў, паводле нашага аналізу, учыняецца ў тым ліку раней судзімымі, бацькамі, апекунамі, а таксама пэдагогамі і мэдыцынскімі работнікамі», — сказаў Казакевіч.
Асаблівай праблемай Казакевіч назваў перамяшчэньне першага кантакту пэдафіла і патэнцыйнай ахвяры ў інтэрнэт — так званы грумінг. З разьвіцьцём кампутарных тэхналёгій і глябалізацыяй інтэрнэту часьцяком «паляваньне на дзяцей» пераходзіць у віртуальны сьвет.
«У Беларусі да гэтага часу за падобнае няма ніякай адказнасьці — ні крымінальнай, ні адміністрацыйнай. За мяжой жа такая адказнасьць існуе даўно», — адзначыў праваахоўнік.
За апошнія гады дзякуючы ўплыву інтэрнэту і зьмене падыходаў да выкрыцьця сэксуальных злачынстваў супраць дзяцей колькасьць выкрытых злачынстваў павялічваецца. Летась дзеці зьведалі гвалт 581 раз, што амаль на 85% больш за пазалеташні паказчык. 361 факт пэдафіліі адносіцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Каля 80% такіх злачынстваў учыняюць не незнаёмцы, а родзічы або знаёмыя дзяцей. У міліцэйскіх зводках фігуруюць сваякі ахвяраў (бацька, айчым, дзед), а таксама трэнэры, настаўнікі і нават лекары-пэдыятры. Такую статыстыку прыводзіць МУС.