Ватыкан выключыў са духавенства былога амэрыканскага кардынала Тэадора Макерыка пасьля таго, як Кангрэгацыя дактрыны веры пацьвердзіла вылучаныя супраць яго абвінавачваньні ў сэксуальных дамаганьнях да непаўналетніх.
Ватыкан настойвае, што рашэньне канчатковае і абскарджаньню не падлягае.
Як адзначае СNN, Макерык стаў самым высокапастаўленым каталіцкім сьвятаром, якога пакаралі за сэксуальныя дамаганьні, за апошнія дзесяцігодзьдзі.
Раней Макерык, які настойвае на сваёй невінаватасьці, быў выведзены са складу калегіі кардыналаў.
Папа Рымскі Францыск у ліпені летась года загадаў Макерыку трымацца «малітоўнага і пакаяннага жыцьця ў адзіноце», на што 88-гадовы былы кардынал пагадзіўся.
Пры гэтым сам Францыск стаў аб'ектам крытыкі – былы прадстаўнік Ватыкану ў ЗША арцыбіскуп Карла Марыя Уіган абвінаваціў пантыфіка ў тым, што ён некалькі гадоў не зьвяртаў увагі на абвінавачваньні на адрас Макерыка, які доўгія гады быў адным з самых уплывовых прадстаўнікоў Рымска-каталіцкай царквы ў ЗША.
Праз некалькі дзён у Ватыкане адбудзецца сустрэча герархаў каталіцкай царквы, прысьвечаная мерам па прадухіленьні сэксуальнага гвалту і дамаганьняў да дзяцей з боку сьвятароў.