Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін пэдафіл у турме, другі — у шпіталі


Сьледчы камітэт Партызанскага раёну Менску завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы адносна высокапастаўленага службоўца менскага банку, распачатую за распусныя дзеяньні супраць дзяцей.

Яшчэ адзін падазраваны ў пэдафіліі працаваў завучам у менскай школе № 89. Яго выявілі так званыя «паляўнічыя на пэдафілаў», аднак ніякіх праверак адносна ягонай асобы не праводзіцца.

Сьледчы камітэт перадаў справу пэдафіла-банкіра пракурору, які мае накіраваць яе ў суд. Яму выстаўлена абвінавачаньне паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу за распусныя дзеяньні адносна дзьвюх дзяўчынак 7 і 8 гадоў, паведаміў «Свабодзе» прэсавы сакратар Менскага сьледчага камітэту Аляксандар Герасімаў:

«У жніўні, у сталічным мікрараёне Сьцяпянка, у лясным масіве абвінавачаны ўчыніў ня менш за тры дзеяньні сэксуальнага характару адносна гэтых дзяўчатак. Дзеці зь сем’яў цалкам добранадзейных, бацькі адпускалі іх на дзіцячую пляцоўку, дзе былі арэлі-карусэлі, і, у прынцыпе, ведалі, дзе яны знаходзяцца. Гэты мужчына таксама абвінавачваецца ў тым, што з мэтай далейшага распаўсюду празь сетку інтэрнэт парнаграфічных здымкаў зрабіў і меў пры сабе ня менш за сем здымкаў пацярпелых».

Судовага паседжаньня 29-гадовы банкаўскі работнік будзе чакаць у турме. Завуч менскай школы № 89, 53-гадовы настаўнік-біёляг цяпер у шпіталі з гіпэртанічным крызам. У сацыяльных сетках ён называў сябе «Генры» і стаў вядомым пасьля відэа са сваім удзелам, выкладзенага ў сеціве групай асобаў, якія называюць сябе «паляўнічымі на пэдафілаў». Ад імя 15-гадовага падлетка яны пазнаёміліся з так званым «Генры» і прызначылі яму сустрэчу.

Пасьля інцыдэнту былы настаўнік тэрмінова звольніўся, але ў калектыве яго шкадуюць і ня вераць у ягоную вінаватасьць, паведаміла намесьніца дырэктара школы Тацьцяна Васюковіч:

«Калектыў яго шкадуе і мяркуе, што ў нейкай меры ён нават „падстаўлены“. Калі мы глядзелі гэты відэаролік, то ў многіх узьнікла такое падазрэньне. Мы патэлефанавалі яму, і калі ён прыйшоў і пабачыў, то сказаў: шкада, што я ў той жа дзень нічога вам не распавёў і не паказаў — мяне ўсяго зьбілі. Сказаў таксама: я зразумеў, што я тут нічога даказаць не змагу. У яго моцны стрэс і гіпэртанічны крыз, ён зараз у шпіталі. Мы размаўлялі зь дзецьмі, яны ніякіх прэтэнзіяў ня маюць. Тое, што паказана ў гэтым роліку, яны ўспрымаюць, што гэта было невядома калі. Яны нават ня могуць уцяміць, што гэта было вось…. ну, з Генадзем Іванавічам. А бацькі па-рознаму ставяцца: адны бацькі таксама кажуць, што гэта „падстава“. А некаторыя вось… як адзін з прыкладаў магу прывесьці — забіраюць сваё дзіця».

Як паведаміла Тацьцяна Васюковіч, раней былы настаўнік шмат гадоў працаваў у школах Ленінскага раёну Менску, а таксама ў школе № 110 Кастрычніцкага раёну сталіцы. Аднак супрацоўнікі міліцыі і аддзелаў адукацыі гэтых раёнаў ягонай гісторыяй не цікавіліся.

Няўвага з боку адміністрацыяў школ і ўстановаў адукацыі, пры ўмове працоўнай занятасьці бацькоў, робіцца адной з прычынаў выпадкаў пэдафіліі, паведаміў сьледчы ў адпаведных крымінальных справах МУС:

«Школа на гэтым мала засяроджвае ўвагу — гэта раз. А па-другое — гэта ўсё ж такі выхаваньне. Бацькі вельмі часта паглыбляюцца ў працу і мала часу аддаюць выхаваньню сваіх нашчадкаў. І дзеці знаходзяцца ва ўласным распараджэньні — сам сабе начальнік. Ну і, натуральна, пра розныя здарэньні дзеці мала раскрываюцца. І ня вельмі ахвотна дзеці расказваюць і сваім бацькам».

У Сьледчым камітэце таксама паведамляюць, што адносна менскага настаўніка крымінальная справа не распачатая з прычыны адсутнасьці адпаведных заяў.

Адным са сродкаў змаганьня з пэдафіліяй некаторыя адмыслоўцы таксама называюць прымусовую стэрылізацыю пэдафілаў.



Краіны, дзе ўжываюць хімічную кастрацыю


  • Данія
  • ЗША
  • Малдова
  • Нямеччына
  • Польшча
  • Расея
  • Чэхія
  • Швэцыя


Андрэй Маханько — кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Разуменьне», якая займаецца праблемай сэксуальнага гвалту над дзецьмі, мяркуе інакш:

«Трэба пачынаць не з пэдафілаў, а з ахвяраў злачынстваў. І мы, пэўна, ужо на паўдарозе да стварэньня такой сыстэмы дапамогі ахвярам сэксуальнага злачынства — менавіта дзецям. Пра хімічную кастрацыю, пра стэрылізацыю — што сказаць? Гэта мэтад часовы. Сёньня ён можа прыпыніць сэксуальную актыўнасьць чалавека, а празь месяц ці два тыдні ўсё стане на свае месцы. Гэтых людзей трэба лячыць — я ўпэўнены на сто адсоткаў. Але лячэньне не павінна абмяжоўвацца толькі хімічнай кастрацыяй альбо стэрылізацыяй».

Андрэй Маханько мяркуе, што да 90% выпадкаў сэксуальнага гвалту над дзецьмі ў Беларусі не даходзяць да ўвагі грамадзкасьці і міліцыі. У сваю чаргу, у праваахоўных органах заяўляюць, што ў краіне павялічыўся попыт на дзіцячую парнаграфію.

Тым часам Беларусь не далучылася да заснавальнікаў міжнароднага альянсу, які будзе змагацца з гандлем праз інтэрнэт фатаграфіямі і відэа, на якіх сэксуальна эксплюатуюць дзяцей.


Даведка «Свабоды»


Пэдафілія — сэксуальнае вычварэнства, адхіленьне, для якога характэрная цяга да дзяцей, якія не дасягнулі падлеткавага ўзросту.

Крымінальны артыкул 167 «Гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару»: Дзеяньні (…) учыненыя ў дачыненьні да заведама малалетняга (малалетняй) (…) караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў».



Хроніка (некаторыя факты)





2012

Намесьніка дырэктара менскай школы № 89 затрымалі, падазраючы ў пэдафіліі.

У Горадні затрымалі адразу двух мясцовых жыхароў, якіх падазраюць у пэдафіліі.

У Менску затрымалі маньяка-пэдафіла, які дзейнічаў у раёне Сьцяпянкі.

У Менску затрыманы 22-гадовы малады чалавек, які высочваў сваіх ахвяраў на дзіцячых пляцоўках празь бінокль. Пацярпела 10 хлопчыкаў.

У Менску зь дзіцячай пляцоўкі была выкрадзеная 4-гадовая малая. Злачынца прывёў дзіця да сябе на кватэру і зьдзейсьніў зь ім, як кажуць сьледчыя, «распусныя дзеяньні».

Суд Жлобінскага раёну вынес прысуд бандзе зь пяці пэдафілаў, найстарэйшаму зь якіх было 67 гадоў, а наймаладзейшаму — 20. Абвінавачаных асудзілі на пазбаўленьне волі тэрмінам ад 8 да 13 гадоў. Сьледзтва вызначыла 14 ахвяраў банды — хлопчыкаў ва ўзросьце 13–16 гадоў.

Супраць 58-гадовага менчука завялі больш за дзесяць крымінальных спраў за гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару, распусныя дзеяньні і прымус непаўналетніх. Яго ахвярамі былі хлопчыкі 13–15 гадоў.


2011

У Пінску суд пакараў пэдафіла 10 гадамі зьняволеньня.

Менская міліцыя злавіла 44-гадовага пэдафіла.

Жыхар Менску спрабаваў уступіць у сэксуальны кантакт зь непаўналетнім хлопчыкам. Злачынца затрыманы.

Сьветлагорскі асудзіў на 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму мужчыну, які гвалціў свайго 14-гадовага псыхічна хворага сына.

У Віцебску зьдзейсьнена некалькі нападаў на малалетніх дзяўчатак ва ўзросьце 9–10 гадоў. Маньяк дзейнічаў у трох раёнах гораду, ахвяр знаходзіў побач зь дзіцячымі садкамі і школамі.


2010

Рэжысэр Аляксей Туровіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі за «распусныя дзеяньні ў дачыненьні да асобы, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту».

У Горадні затрымалі пэдафіла, які згвалтаваў двухгадовую малую.


2009

Жлобінскі суд пакараў 19-гадовага пэдафіла, які ўчыніў сэксуальную агрэсію супраць двух 9-гадовых аднавяскоўцаў;

У Гомелі адбыўся суд над грамадзянамі Беларусі і Ізраілю. Іх асудзілі на 10 і 13,5 гадоў. Пацярпелымі па справе праходзілі 10 падлеткаў.

У Віцебску злавілі пэдафіла, які ўчыніў распусныя дзеяньні ў дачыненьні да чатырох дзяўчатак 8–11 гадоў.


2006

У Менску зьнікла 4-гадовая дзяўчынка. У той жа год малыя дзяўчаткі зьнікалі ў Смалявіцкім і Лагойскім раёнах. Усіх дзяцей пазьней знайшлі забітымі і згвалтаванымі.


2005

У Ашмянах зьнікла 8-гадовая школьніца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG