Праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Сяргей Сыс і вярнуліся з Чачэніі, дзе па наркатычным артыкуле судзяць іх калегу Аюба Ціціева.
Сяргей Сыс, праваабаронца зь «Вясны», быў у Чачэніі з 18 па 22 лістапада. Разам з старшынём «Вясны» Алесем Бяляцкім яны прыехалі назіраць за гучным працэсам над чачэнскім праваабаронцам Аюбам Ціціевым, якому пагражае 10 гадоў зьняволеньня.
Сяргей Сыс расказаў Свабодзе, чым Чачэнія яго зьдзівіла, а чым нагадала Беларусь.
Навіны на чачэнскім тэлебачаньні, якое клічуць «Кадыраў-ТВ», нагадваюць беларускія, але прапаганды яшчэ больш. Пачынаецца з таго, з кім Кадыраў сустрэўся, што сказаў, што зрабіў, потым — што зроблена пад ягоным мудрым кіраўніцтвам, і гэтак далей.
На вуліцах таксама квітнее культ Кадырава — паўсюль ягоныя партрэты. Ёсьць і своеасаблівасьць — выступае, я б сказаў, «сьвятая тройца»: бацька Рамзана Кадырава нябожчык Ахмат-Хаджы Кадыраў, сам Рамзан і Ўладзімір Пуцін. Алегорыя з Тройцай відавочная, бо іх выявы паўсюль і яны часта побач.
Пуцін на асобным месцы. Ягоным імем названы галоўны праспэкт Грознага, ягоныя партрэты куды толькі ня ўторкваюць, абы засьведчыць адданасьць.
Дзяржаўныя служачыя і ўсе, хто працуе на дзяржаўных прадпрыемствах, адлічаюць 10% ад сваіх заробкаў у фонд імя Кадырава. Гэта робіцца нібыта добраахвотна, пад росьпіс у ведамасьці, але ўсе разумеюць, што калі ня будзеш плаціць, дык страціш працу. А потым па тэлевізіі кажуць, што на грошы фонду пабудаваны такі і такі аб’ект, але праверыць гэта немагчыма, справаздач няма.
Чачэнскаму праваабаронцу Аюбу Ціціеву падкінулі наркотыкі. Ён абурыўся і заўважыў, што няма сьведак і відэазапісу. Яму сказалі: «Хочаш відэазапіс?» — і паўтарылі ўсё зноў, але ўжо з выкананьнем фармальнасьцяў. То бок сілавікі там дэманструюць, як і ў нас, што ім пляваць на закон, калі трэба выканаць загад і пасадзіць таго, хто не даспадобы. Суд потым робіць выгляд, што верыць гэтым фальшывым доказам і паказаньням.
Сілавік, які ня хоча катаваць іншых людзей, можа за 10% ад заробку гэтага пазьбегнуць. Так нам тлумачылі.
Тэмы, зьвязаныя з палітыкай, — гэта табу. Збольшага людзі проста замаўкаюць, а ты ўжо разумееш, што пра гэта гаварыць ня варта.
На людзей узьдзейнічаюць празь іхні род — тэйп. Выклікаюць старэйшых роду, кажуць ім, што калі ня будзе пэўнага рашэньня, дык будуць пакараньні. Што могуць кінуць у турму, могуць зьнесьці дом і загадаць назаўсёды зьехаць. Потым старэйшыны гэта даводзяць да чалавека, і той робіць, як трэба. У Чачэніі традыцыйна вельмі вялікі аўтарытэт у старэйшыны роду, яго ня толькі паважаюць, але і слухаюцца, і гэтым карыстаецца ўлада.
Распавядалі, што пасады каштуюць дорага, хабар вымяраецца дзясяткамі тысяч даляраў. Здаецца ж, Чачэнія — небагатая рэспубліка, адкуль людзі бяруць такія грошы? Але той жа тэйп складаецца — і даюць патрэбную суму. Але потым ужо гэты чалавек таксама ўсё жыцьцё некаму аддае на хабар для іншых. Гэткае замкнёнае кола.
Сярод ночы пачалася такая страляніна, што стала не па сабе. Але потым убачылі вакол гатэля фаервэркі. Аказалася, што чачэнцы пачалі сьвяткаваць дзень нараджэньня прарока Мухамэда. А ў іх традыцыя — як што сьвяткуюць, дык страляюць у неба з усяго, што ёсьць пад рукой.
Як і ў беларускіх гарадах, там даволі чыста, нават нідзе недакуркаў не відаць. Але там і цыгарэт амаль не прадаюць. Яшчэ гэтак жа шмат, як у нас, прыбіральшчыкаў з камунальных службаў. Мятуць, чысьцяць, сьмецьце вывозяць, дарэчы, на нашых менскіх МАЗах.
Людзей у цэнтры гарадоў мала, мала моладзі. Затое шмат вайскоўцаў у самай рознай вопратцы: адны ў чорнай, другія ў камуфляжнай блакітнай, трэція ў зялёнай камуфляжнай. Усе ўзброеныя аўтаматамі Калашнікава, бачыў нават узброеных кароткімі аўтаматамі кшталту «Узі».
Узброеныя людзі могуць у любы час перакрыць дарогу і зладзіць праверку. Ты можаш накіравацца ў рэстарацыю, а яна ачэпленая вайскоўцамі — аказваецца, тут сьнедае нехта з атачэньня Кадырава. Гэткія рэаліі можна сустрэць на кожным кроку.
Паўсюль відэакамэры, і пачынаючы з аэрапорту цябе будуць здымаць, нават не хаваючыся, людзі ў цывільным. Уражаньне, што ў Чачэніі за табой сочаць на кожным кроку, не пакідае ніколі.
Калі мы былі ў Чачэніі, дык па мясцовых мэдыях казалі, што Рамзан Кадыраў паехаў за мяжу, але не казалі куды. Цяпер вядома, што ён быў у Абу-Дабі на этапе гонак «Формулы-1», дзе ў той жа дзень быў Віктар Лукашэнка,. сын і памочнік Аляксандра Лукашэнкі ў пытаньнях бясьпекі. Значыць, яны з Кадыравым сустракаюцца, абменьваюцца думкамі, досьведам.
Вось гэта непакоіць: хто каго і чаму навучыць? Бо досьвед Чачэніі ў галіне ўціску правоў грамадзянаў і жорсткага абыходжаньня з праваабаронцамі ў нас пераймаць дакладна ня трэба, а такая небясьпека ёсьць.