Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа Бяляцкага» па-чачэнску. Судзяць праваабаронцу, які заступаўся за ЛГБТ-супольнасьць


Аюб Ціціеў
Аюб Ціціеў

Праваабаронцы зь «Вясны» Алесь Бяляцкі і Сяргей Сыс вярнуліся з Чачні, дзе па наркатычным артыкуле судзяць іх калегу Аюба Ціціева. Сяргей Сыс распавёў Свабодзе пра ўбачанае.

У 2011 годзе ў Менску на судзе супраць Алеся Бяляцкага таксама прысутнічалі і рабілі заключэньні замежныя праваабаронцы, у тым ліку з Расеі.

Падрабязна пра суд над Алесем Бяляцкім можна пачытаць у кнізе Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Сяргей Сыс, паэт і праваабаронца зь «Вясны», быў у Чачні з 18 па 22 лістапада. Разам са старшынём «Вясны» Алесем Бяляцкім, расейскай праваабаронцай Сьвятланай Ганушкінай і іншымі назіральнікамі ён прысутнічаў на працэсе па справе чачэнскага праваабаронцы Аюба Ціціева, якому пагражае 10 гадоў зьняволеньня за распаўсюд наркотыкаў.

Аюб Ціціеў
Аюб Ціціеў

Аюб Ціціеў віны не прызнае і кажа, што наркотыкі яму падкінулі, каб адпомсьціць за праваабарончую дзейнасьць. Ён шмат дапамагаў пакрыўджаным уладай чачэнцам. Аюб — адзіны ў Чачні праваабаронца, які займаўся гэтак званай «справай 27» аб ціску на ЛГБТ-супольнасьць, нямала прадстаўнікоў якой бясьсьледна зьніклі.

Паводле Сяргея Сыса, пачутае на працэсе Аюба Ціціева дало беларускім праваабаронцам падставы меркаваць, што справа сфальшаваная спэцслужбамі.

«Мяркую, скончыцца яна прадказальна, як заканчваліся ўсе палітычныя працэсы і ў Беларусі, — абвінаваўчым прысудам. Тут таксама шмат паралеляў з Чачнёй», — лічыць праваабаронца.

Сяргей Сыс (у цэнтры) ў судзе над Ціціевым
Сяргей Сыс (у цэнтры) ў судзе над Ціціевым

Можна размаўляць з падсудным, але пад дулам аўтамата

Чачэнскі і беларускія суды падобныя прадказальнасьцю выракаў, імітацыяй законнага разбору, але ў дэталях ёсьць розьніца, мяркуе Сяргей Сыс і прыводзіць такі прыклад:

«У нас на працэсе ня ўбачыш судовых прыставаў ці ахоўнікаў, узброеных аўтаматам з падствольным гранатамётам, калі палец вайскоўца заўсёды ляжыць на спускавым кручку і ягоны позірк таксама кажа, што ў любы момант ён можа стрэліць. Але ёсьць і добрыя назіраньні: там можна ў перапынку падысьці да арыштанта, які сядзіць у клетцы, і спакойна пагаварыць зь ім, у тым ліку пра ўмовы ўтрыманьня. У беларускіх судах гэта строга забаронена».

Падобная, паводле Сяргея Сыса, роля пракурораў на працэсах у Чачні і Беларусі. Беларускі праваабаронца згадаў, як чачэнскі пракурор падчас суду над Аюбам Ціціевым браў перапынак нават па дробных пытаньнях.

«Выбягаў з кімсьці раіцца. Чэчэнцы адназначна кажуць, што з начальствам».

Што да самой справы, дык яна ўзьнікла праз фальшаваньне доказаў, мяркуе праваабаронца «Вясны».

«Аюба Ціціева затрымалі пасьля шматлікіх пагроз і падкінулі наркотыкі. Ён абурыўся і заўважыў, што нават няма сьведак і відэазапісу. Яму сказалі: „Хочаш відэазапіс?“ — і паўтарылі ўсё зноў, але ўжо з выкананьнем фармальнасьцяў. То бок сілавікі там дэманструюць, як і ў нас, што ім пляваць на закон, калі трэба выканаць загад і пасадзіць таго, хто не даспадобы. Суд потым робіць выгляд, што верыць гэтым фальшывым доказам і паказаньням. Дакладна як у нас на працэсах над палітычнымі супернікамі Лукашэнкі», — кажа Сяргей Сыс.

Вырак Аюбу Ціцеву яшчэ не абвешчаны, аднак, на думку Сяргея Сыса, пазьбегнуць пакараньня яму ня ўдасца.

«Памілаваць можа толькі прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін пад вялікім ціскам міжнароднай супольнасьці. Але апошнім часам ён зноў дэманструе, што не зьбіраецца лічыцца ані з кім. Таму прагноз несуцяшальны, — кажа Сыс.— Што да „гаспадара“ Чачні Рамзана Кадырава, ён няўмольны. Для яго ўсе незалежныя праваабаронцы — ворагі».

У Чачні працуе офіс упаўнаважанага па правах чалавека. Паводле назіраньняў беларускіх праваабаронцаў, ён «імітуе праваабарончую дзейнасьць». Ёсьць і некалькі праўладных праваабарончых груп, якія займаюцца правамі жанчын ці людзей сталага веку.

«Але гэта таксама імітацыя. Людзі там гэтак застрашаныя, што баяцца ня толькі некага крытыкаваць ці скардзіцца, а нават гаварыць пра свае праблемы», — кажа пра ўражаньні ад Чачні Сяргей Сыс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG