Нацыянальныя «ІТ-роты» ўжо выкарыстоўваліся для барацьбы з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы» — супраць іхнага рэкрутаваньня, фінансаваньня і камунікацыяў.
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг на прэс-канфэрэнцыі 3 кастрычніка пацьвердзіў, што кібэрвойскі альянсу будуць выкарыстоўвацца ня толькі для абароны, але і для атакаў на тэрарыстаў.
Днём раней Злучаныя Штаты падзяліліся з NATO «кібэрзброяй» — сродкамі абароны і атакі ў галіне высокіх тэхналёгіяў. Цяпер альянс стварае Цэнтар кібэрапэрацыяў.
Як расказаў Столтэнэрг, кібэртакі становяцца ўсё больш частымі і складанымі.
«Мы бачым, як кібэратакі выкарыстоўваюцца для ўмяшаньня ва ўнутраныя палітычныя працэсы, для нападаў на крытычную інфраструктуру, — расказваў Столтэнбэрг. — Кібэратакі будуць неад’емнай часткай любога будучага канфлікту».
Кібэратакі могуць запусьціць пяты артыкул Паўночнаатлянтычнай дамовы – калі атакуюць адну краіну NATO, гэта лічыцца атакай на ўвесь альянс. Таму цяпер кібэрвойскі ствараюцца поплеч з наземнымі, паветранымі і марскімі.
«І гэта важна. Я думаю, мы гэта ўбачылі ў барацьбе з тэрарызмам, у барацьбе з „Ісламскай дзяржавай“, — дадаў Столтэнбэрг. — Было надзвычай важна мець магчымасьць сабатаваць кібэрсеткі «Ісламскай дзяржавы«, каб саслабіць іх магчымасьці ў рэкрутаваньні, фінансаваньні і камунікацыях.
Таму ўключэньне нацыянальных кібэрсілаў, якія часта называюць „наступальнымі кібэрвойскамі“, у місіі і апэрацыі NATO гэта адзін са шматлікіх элемэнтаў кібэрнэтычнай абароны NATO».