Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў у перадачы «Контуры» на дзяржаўным тэлеканале АНТ аб плянах па стварэньні адмысловай «роты па інфабясьпецы» цягам 2018 году.
Паводле Андрэя Раўкова, у Беларусі ўжо існуюць структуры ўзброеных сілаў, якія займаюцца інфармацыйнай бясьпекай і кібэрбясьпекай, але цяпер фармуецца адмысловая рота, назву якой Раўкоў ня стаў агучваць.
У канцы мінулага году міністар інфармацыі Беларусі Аляксандар Карлюкевіч заяўляў, што інфабясьпека Беларусі — у адзінай мэдыяпрасторы з Расеяй.
10 беларускіх фэйкаў 2017 году: Рота расейскіх танкаў, «злачынства» вайскоўцаў на вучэньнях, абвяшчэньне «Вяйшнорыі»…
Раўкоў у інтэрвію «Контурам» таксама выказаў упэўненасьць, што бальшавісцкая Чырвоная армія ў першай палове ХХ стагодзьдзя «па вялікім рахунку абараніла і захавала нас як народ — беларусаў» (у 1918 годзе Чырвоная армія гвалтам заняла тэрыторыю Беларускай народнай рэспублікі. — РС), затым у 1939 годзе яна «ўзьяднала Беларусь у адзіную дзяржаву» (падзяліўшы з нацысцкай Нямеччынай акупаваную Польшчу і падпісаўшы пакт Молатава-Рыбэнтропа. — РС).