Дэлегацыя Ўзброеных сілаў Азэрбайджану на чале з начальнікам Генэральнага штабу, намесьнікам міністра абароны Наджмэдынам Садыкавым прыбыла ў Беларусь 21 жніўня з афіцыйным візытам.
Паводле беларускага Міністэрства абароны, заплянаваныя перамовы начальнікаў генэральных штабоў (у Беларусі на гэтай пасадзе Алег Белаконеў), сустрэча кіраўніка азэрбайджанскай дэлегацыі зь міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым.
Аб тым, пра што будуць перамовы, не паведамляецца падрабязна: бакі «прааналізуюць стан двухбаковай вайсковай супрацы», «намецяць пэрспэктыўныя напрамкі далейшага ўзаемадзеяньня».
Прадстаўнік Мінабароны Беларусі сказаў Свабодзе, што «сустрэчаў, перамоваў яшчэ не было — калі адбудуцца, тады распавядзем, пра што вялася гаворка», параіў «сачыць за нашым сайтам».
Дзеяньні па выніках перамоваў могуць расчараваць саюзьніцу Беларусі па вайсковым блёку АДКБ — Армэнію.
Між ёй і Азэрбайджанам (які не ўваходзіць у АДКБ) з канца 1980-х ідзе ўзброены канфлікт у Нагорным Карабаху, што фармальна знаходзіцца ў складзе Азэрбайджану, ды населены зброльшага армянамі і кантралюецца самаабвешчанай «Нагорна-Карабахскай рэспублікай».
Армэнія ўжо выказвала расчараваньне тым, што беларускія ракетныя комплексы «Палянэз» паступілі на ўзбраеньне Азэрбайджану. Намесьнік міністра замежных справаў Армэніі казаў, што гэта «ня так ужо лягічна, улічваючы існыя паміж Армэніяй і Беларусьсю дружалюбныя і саюзьніцкія адносіны».
Да таго Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджаў, што супраца Беларусі і Азэрбайджану «ні ў якім разе не парушае ніводную міжнародную дамову, ніводную рэзалюцыю Рады бясьпекі і ААН».
Узаемаадносіны афіцыйнага Менску з Армэніяй пасьля прыходы да ўлады Нікола Пашыньяна няпэўныя. З аднаго боку, афіцыйна Лукашэнка дамовіўся супрацоўнічаць з Пашыньянам, з другога – пужаў чыноўнікаў і дэпутатаў армянскімі пратэстамі, што прывялі Пашыньяна да ўлады: маўляў, «па адным нас пераб’юць». У дзень, калі Азэрбайджан і Армэнія адзначалі Дзень рэспублікі, Лукашэнка павіншаваў толькі Азэрбайджан.
Пра тое, ці заплянаваныя афіцыйныя візыты армянскіх вайскоўцаў у Беларусь або іншыя мерапрыемствы з удзелам армянскіх узброеных сілаў, у беларускім Мінабароны Свабодзе не адказалі.