І Азэрбайджан, і Армэнія адзначаюць 28 траўня Дзень Рэспублікі. У гэты дзень у 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Азэрбайджанскай Дэмакратычнай Рэспублікі і незалежнасьць Рэспублікі Армэнія. Абедзьве спынілі існаваньне ў 1920 годзе з прыходам бальшавікоў і ўтварэньнем савецкіх рэспублік.
У абедзьвюх краінах 28 траўня — дзяржаўнае сьвята і выходны дзень.
На сайце прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі на момант публікацыі разьмешчанае толькі віншаваньне прэзыдэнту Азэрбайджана Ільхаму Аліеву. У віншаваньні Лукашэнка выказвае «шчырую радасьць» таму, што беларука-азэрбайджанская супраца гістарычна склалася як сяброўскія стасункі між народамі і як стратэгічнае партнэрства.
Віншаваньняў Армэніі няма.
Пры гэтым два дні таму былі разьмешчаныя віншаваньні з падобнай датай Грузіі — 26 траўня там адзначалі 100-годзьдзе аднаўленьня дзяржаўнасьці.
Лукашэнка таксама не віншаваў з выбраньнем новага прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна, хоць у той жа дзень віншаваў з прызначэньнем на аналягічную пасаду ў Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, а раней віншаваў з выбраньнем на прэм’ерскую пасаду папярэдніка Пашыньяна, Сэржа Саргсьяна. Акрамя таго, Лукашэнка не віншаваў Пашыньяна з Днём Перамогі — павіншаваў прэзыдэнта краіны, хоць той ня ёсьць фактычным кіраўніком дзяржавы.
Пашыньян прыйшоў да ўлады ў выніку масавых пратэстаў супраць ранейшага кіраўніка дзяржавы — Саргсьян пасьля двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў меў заняць прэм’ерскае крэсла, рэспубліку ператварылі з прэзыдэнцкай на парлямэнцкую. У час асабістай сустрэчы на саміце ў Сочы Лукашэнка цёпла вітаў Пашыньяна і хваліў яго і армянскі народ, хоць раней пужаў чыноўнікаў і дэпутатаў армянскімі пратэстамі: маўляў, «па адным нас пераб’юць».
Тым часам Пашынян казаў, што непакоіцца з прычыны збліжэньня Беларусі і Азэрбайджану — між гэтай краінай і Армэніяй ад канца 1980-х ідзе ўзброены канфлікт за кантроль над Нагорным Карабахам.