Днямі Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з амбасадарам Армэніі ў Беларусі Армэнам Хачатранам. Падчас размовы была ўзьнятая тэма армянска-азэрбайджанскага канфлікту ў Нагорным Карабаху.
Пазыцыю Лукашэнкі група жыхароў рэгіёну ўспрыняла як «абразьлівую». Рэакцыяй на заявы беларускага кіраўніка стаў «Адкрыты ліст грамадзянаў Арцаха да Лукашэнкі».
Лукашэнка, у прыватнасьці, заявіў: «Людзі павінны жыць годна. Я ня веру, што сёньня ў Нагорным Карабаху жывуць добра і годна. Наша пазыцыя адназначная: Армэнія і Азэрбайджан без аніякіх пасярэднікаў павінны сесьці за стол перамоваў і вырашыць праблему».
Аўтары ліста даюць зразумець, што сваімі заявамі Лукашэнка якраз і прэтэндуе на ляўры міратворцы, але ад яго пасярэдніцтва калі што і будзе, дык толькі праблемы:
«Мы ўсьцешаныя, што такі заняты чалавек, як вы, раптам успомніў пра маленькую краіну пад назвай Нагорны Карабах і заклапаціўся нашым „цяжкім станам і нікуды ня вартым жыцьцём“.
Што рабіць — лёс. На працягу тысячагодзьдзяў ён заўсёды кідаў выклік армянскаму народу. Былі часы ўзьлётаў, часы падзеньняў. Былі часы, калі армянскі народ ня меў сваёй дзяржавы. Але мы заўсёды ведалі і ганарыліся тым, што мы армяне.
Так, ёсьць цяжкасьці, ёсьць праблемы. Але, як сказаў наш прэзыдэнт Бако Саакян, „Свабода народу Карабаху ніколі ня будзе прадметам торгу“.
Аляксандар Рыгоравіч, каб Карабах меў хоць бы 20% тых магчымасьцяў, што мае Беларусь, ён бы сам даваў крэдыты іншым дзяржавам, а не хадзіў бы, падобна Беларусі, з працягнутай рукой і просячы грошы.
Але, калі параўноўваць зь іншымі краінамі, напрыклад зь Беларусьсю, то мы нашмат вальнейшыя. Дый людзі жывуць з нашмат большай годнасьцю, чым у вас. Дарэчы, можаце пра гэта распытаць у шматлікіх беларусаў, якія кожны год прыяжджаюць да нас у госьці. Толькі адна просьба: не выдавайце хоць бы вашых грамадзян Азэрбайджану.
Карыстаючыся выпадкам, запрашаем вас у госьці. Не як прэзыдэнта, а як простага беларуса. Мы выдаваць вас Азэрбайджану дакладна ня будзем.
З павагай, простыя сыны армянскага народу, грамадзяне Нагорна-Карабаскай Рэспублікі (Арцах)», — гаворыцца ў лісьце, копію якога Свабодзе перадалі з офісу прэс-сакратара прэзыдэнта Арцаху Давіда Бабаяна.
Падставай для словаў пра «выдачу Азэрбайджану» стала гісторыя з блогерам Аляксандрам Лапшыным, якога Беларусь экстрадзіравала ў Баку насуперак пазыцыі Ерэвану.