Аляксандар Лукашэнка накіраваў прэзыдэнту Злучаных Штатаў Амэрыкі Дональду Трампу віншаваньні з Днём незалежнасьці ЗША, які адзначаецца 4 ліпеня, у гадавіну прыняцьця Дэклярацыі незалежнасьці ў 1776 годзе.
Поўны тэкст віншаваньня не апублікаваны, яго каротка пераказвае БЕЛТА. У віншаваньні Аляксандар Лукашэнка падкрэсьлівае, што Беларусь, «якая праводзіць адказную і міралюбную зьнешнюю палітыку», «была і застаецца надзейным партнэрам Злучаных Штатаў у стратэгічных пытаньнях міжнароднай павесткі дня».
«Спадзяюся на працяг пазытыўнай дынамікі ў адносінах між нашымі дзяржавамі і на далейшую рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва», — гаворыцца ў віншаваньні ад імя Лукашэнкі.
Днём раней беларуская дзяржава адзначала Дзень незалежнасьці (Дзень Рэспублікі) — віншаваньне Беларусі ад імя ўраду ЗША публікавалася ад імя дзяржаўнага сакратара.
Пры гэтым менш як месяц таму Дональд Трамп працягнуў санкцыі супраць Лукашэнкі і шэрагу беларускіх чыноўнікаў, а Міністэрства замежных справаў Беларусі выказвала шкадаваньне з гэтай нагоды. Ужо 10 год у Беларусі няма амбасадара ЗША, хоць застаецца сама амбасада і часова павераны ў справах ЗША ў Беларусі, выдача візаў праз амбасаду была адноўленая ў поўным аб’ёме толькі ў пачатку бягучага году.
10 фактаў пра дачыненьні Беларусі і ЗША
Віншаваньні ЗША з Днём незалежнасьці ад імя Лукашэнкі сыходзяць упершыню за шмат год. Але Лукашэнка віншаваў Трампа з выбраньнем прэзыдэнтам, казаў пра спадзевы на нармалізацыю стасункаў.