Пра гэта паведамляе прэс-служба Белага дому. Папярэдні санкцыі скончаваліся 16 чэрвеня 2018 года.
«Дзеяньні і палітыка пэўных членаў ураду Беларусі і іншых асобаў працягваюць ствараць неардынарную і выключную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі і зьнешняй палітыкі ЗША», — гаворыцца ў заяве Белага дому.
У сьпісе 10 чалавек. Гэта Аляксандар Лукашэнка, Віктар Лукашэнка, Лідзія Ярмошына, Віктар Галаванаў, Віктар Шэйман, Дзьмітры Паўлічэнка, Сьцяпан Сухарэнка, Аляксандар Зімоўскі, Уладзімір Навумаў і Натальля Пяткевіч.
Як гаворыцца ў прэс-рэлізе Белага дому, названыя палітыкі зьдзяйсьняюць парушэньні правоў чалавека, яны зьвязаныя з палітычнымі рэпрэсіямі, уключаючы затрыманьні і зьнікненьні людзей; удзельнічаюць у карупцыі, у тым ліку праз адцягненьне або няправільнае выкарыстаньне беларускіх дзяржаўных актываў або злоўжываючы дзяржаўнай улады.
Указам блякуецца ўласнасьць і права на ўласнасьць у ЗША, рахункі і магчымасьць фінансавых апэрацый. Амэрыканскім кампаніям і прыватным асобам забаронена заключаць зьдзелкі з гэтымі службовымі асобамі.
Упершыню санкцыі ЗША былі ўведзеныя ў 2006 годзе — пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія ЗША і Эўразьвяз прызналі недэмакратычнымі.