Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзел у выбарах Канапацкай — экспэрымэнт, у якім самі ўлады да канца ня ўпэўненыя, — палітоляг Казакевіч


Ганна Канапацкая падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году
Ганна Канапацкая падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч аналізуе дзіўныя павароты з патэнцыйнымі «кандыдатамі» на прэзыдэнта і нэгатыўна адказвае на пытаньне, ці зьменіць гэтая кампанія стаўленьне Захаду да Лукашэнкі.

Сьцісла:

  • Рэпрэсіі ды іншыя формы ціску прыводзяць да дэмабілізацыі і апалітычнасьці грамадзтва.
  • Улады спачатку запусьцілі праект з Бобрыкавым і Чамаданавай, а потым вырашылі, што ён не патрэбен.
  • Роля Канапацкай — у легітымізацыі выбарчага працэсу і ягоных вынікаў.
  • Канапацкая не выглядае той асобай, якая здольная мабілізаваць хоць бы невялікую групу людзей.
  • Вобраз раздатчыка сацыяльных дабротаў не зьяўляецца цэльным і пасьлядоўным.
  • Не відаць ніякіх прыкметаў таго, каб беларускія «выбары» паўплывалі на рэальную палітыку Захаду.

— Ці можна ўжо адзначыць нейкія нечаканыя павароты ў цяперашняй выбарчай кампаніі? Напрыклад, навошта вылучылі, а потым зьнялі Бобрыкава і Чамаданаву? Або ўсё ідзе паводле пляну ўладаў, без істотных сюрпрызаў?

— Тут варта разглядаць два ўзроўні. На першым — глябальны палітычны сэнс гэтай працэдуры, якую ўладам хочацца правесьці спакойна, непрыкметна і, натуральна, без мабілізацыі альтэрнатыўных палітычных сілаў. І на гэтым узроўні я ня бачу ніякіх нечаканасьцяў: улады ўсё кантралююць, няма ніякага сур’ёзнага намёку на нейкую альтэрнатыву.

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

Рэпрэсіі ды іншыя формы ціску прыводзяць да дэмабілізацыі і апалітычнасьці людзей. Не відаць прыкметаў таго, што ў межах кампаніі можа адбыцца нейкі сацыяльны і палітычны пратэст.

Калі ўзяць другі ўзровень, нейкіх дэталяў (напрыклад, колькі мусіць быць кандыдатаў, ці даваць ім магчымасьць хоць крыху пагуляць у крытыку ўладаў), то тут зусім ня так усё зладжана, праяўляюцца пэўныя супярэчнасьці.

Найбольш відавочна гэта выявілася ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Бо цяжка ўявіць, што сама Чамаданава раптам захацела вылучыцца. Натуральна, што ёй і Бобрыкаву было даручана гэта зрабіць непасрэдна з Адміністрацыі прэзыдэнта, але ў нейкі момант было вырашана, што гэта можа прывесьці да занадта вялікай увагі насельніцтва. Як Бобрыкаў выказаўся: гэта ж афіцэры пачнуць думаць, за каго галасаваць, а «гэтага нельга дапусьціць».

Таму спачатку запусьцілі гэты праект, а потым вырашылі, што ня трэба. На гэтым узроўні ня ўсё надта зладжана, але гэты ўзровень ня вельмі важны з палітычнага гледзішча.

— Усё ж застаецца загадка наконт ролі Ганны Канапацкай. Аналітыкі не рызыкуюць прагназаваць, ці пакінуць яе ў канчатковым сьпісе кандыдатаў, зарэгіструюць ці не. Для чаго яна патрэбна? Людзі пасьля 2020-га баяцца нават ставіць подпісы за «альтэрнатыўных» кандыдатаў, а яна зараз зьбірае ў сваю каманду асобаў з апазыцыйным мінулым, якія раней актыўна ўдзельнічалі ў грамадзкім жыцьці. Што гэта азначае?

— Роля Канапацкай — у легітымізацыі выбарчага працэсу і ягоных вынікаў. Па-першае, ставіцца мэта паспрабаваць пагуляць з апазыцыйным электаратам. Па-другое, прадэманстраваць «плюралізм», наяўнасьць альтэрнатывы для замежнай аўдыторыі.

Але разгортваецца гэта ўсё ў максымальна бясьпечным фармаце. Па-першае, сама асоба Канапацкай не выклікае даверу і энтузіязму ў людзях, якія выступаюць за дэмакратычныя перамены.

Па-другое, у яе няма рэсурсаў — ані арганізацыйных, ані фінансавых. Натуральна, яна можа застацца ў кампаніі толькі ў тым выпадку, калі дакладна будзе адпавядаць сцэнару беларускіх уладаў.

Адказ на пытаньне, ці яе зарэгіструюць, ад яе мала залежыць. Улады запусьцілі экспэрымэнт і самі, магчыма, ня ўпэўнены, ці варта яго даводзіць да канца. Канчатковае рашэньне будзе залежаць ад таго, як будзе рэагаваць грамадзтва, розныя групы ўнутры краіны і за мяжой. Калі пагрозы з боку Канапацкай улады ня будуць адчуваць, то, магчыма, яе прозьвішча будзе і ў бюлетэнях для галасаваньня.

— Шмат казалі пра псыхалягічную траўму Аляксандра Лукашэнкі ад 2020 году, калі ён дазволіў зарэгістраваць Сьвятлану Ціханоўскую і ў выніку ёй прайграў. Ці можа ён цяпер нерацыянальна спалохацца Канапацкай?

— Вядома, не. Бо ў 2020 годзе самая вялікая пагроза для ўлады ішла ад мабілізацыі людзей. Людзі былі гатовыя да дзеяньня, да адстойваньня свайго выбару. Канапацкая не выглядае той асобай, якая здольная мабілізаваць хоць бы невялікую групу людзей.

— Лукашэнка ставіць рэкорды ў наведваньні «Дажынак». Раздае пэўныя сацыяльныя абяцаньні. Ці можна сказаць, што сацыяльны аспэкт зараз зьяўляецца галоўным у ягонай кампаніі?

— Так, у цэнтры «просты чалавек», а ня нейкія глябальныя праекты і вялікія ідэя. Дробныя малыя справы — гэта зараз цэнтар агітацыйнай кампаніі з боку ўлады.

Аднак пры гэтым сам вобраз раздатчыка сацыяльных дабротаў не зьяўляецца цэльным і пасьлядоўным. Адначасова мы чуем заявы, што, наадварот, «падачак» больш ня будзе, вы самі давайце працуйце, мы і так вам надта шмат ужо далі. Гэтыя заявы выбіваюцца з асноўнага выбарчага наратыву.

— Існуе думка, што такі сцэнар выбарчай кампаніі, такая раскадроўка кандыдатаў патрэбныя перш за ўсё, каб Менск паспрабаваў нешта паказаць і даказаць Захаду. Маўляў, паглядзіце, мы нармальныя выбары правялі, вызваляем палітвязьняў — ідзіце нам насустрач. Ці ёсьць падставы меркаваць, што нешта такое можа адбыцца і стаўленьне Захаду да менскага рэжыму можа зьмякчыцца?

— Я ня бачу ніякіх падставаў для гэтага. Нейкай зачэпкай, падставай для тых на Захадзе, хто даўно хацеў «зьмякчыцца» ў адносінах да Лукашэнкі, гэта можа стаць. Але я ня бачу і блізка палітычных падставаў для такога сцэнару ані ў Эўропе, ані ў ЗША. Асабліва ўлічваючы тое, што самі выбары праходзяць на хвалі рэпрэсіяў, а гэта ў заходняй сьвядомасьці адразу перабівае ўсё астатняе. Калі вы падчас выбараў ня можаце спакойна правесьці агітацыю, даць мінімальную бясьпеку ўдзельнікам палітычнага працэсу, то пра што можна весьці размову?

Калі ж выходзіць на больш шырокае кола, то на многія краіны глябальнага Поўдня і постсавецкай прасторы, якія самі зьяўляюцца ня надта дэмакратычнымі, такія аргумэнты афіцыйнага Менску могуць спрацаваць. Маўляў, былі кандыдаты, агітавалі, атрымалі некалькі працэнтаў галасоў.

Што тычыцца ЗША і Эўропы, то там толькі нейкія ўльтраправыя ці ўльтралевыя маргінальныя сілы могуць паспрабаваць казаць, што ў Беларусі быў праяўлены палітычны плюралізм. Ім лабіяваць інтарэсы беларускага рэжыму будзе прасьцей. Але калі казаць пра тое, ці паўплывае гэта на рэальную палітыку Захаду, то я ніякіх прыкметаў гэтага ня бачу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG