«Сто год таму быў падпісаны Брэст-Літоўскі мірны дагавор. Жах вайны схлынуў з гэтай зямлі, пакінуўшы за сабой іншыя канфлікты, гора і зруйнаваньні. Заключаны мір быў, на жаль, нядоўгім.
Першая сусьветная вайна пакінула глыбокі адбітак на чалавецтве. Разам з амбасадамі іншых краін, што бралі ўдзел у Вялікай вайне, Амбасада ЗША аддае даніну павагі загінулым салдатам і мірным грамадзянам, а таксама іх родным. Штогод на Дзень перамір’я (11 лістапада, калі краіны Антанты і блёку Цэнтральных дзяржаваў дамовіліся аб прыпыненьні баявых дзеяньняў) у гонар ахвяр вайны гучыць звон. На Беларусі былыя ворагі ляжаць побач адзін з адным на шматлікіх могілках уздоўж усёй былой лініі фронту — у цалкам зьнішчаных тады Смаргонях, у Крэве, Барунах, Ашмянах, Багданаве, Мядзеле, Валожыне, Баранавічах...
Беларусы, якім ніколі не бракавала няўрымсьлівасьці ды імкненьня да справядлівасьці і незалежнасьці, пасьля заключэньня міру зрабілі спробу ўрэшце ўсталяваць уласную дзяржаўнасьць. Аднак у віры супрацьлеглых мэтаў, амбіцыяў, настрояў і ваенных прысутнасьцяў Беларуская Народная Рэспубліка ўжо меней чым праз год сканала. 25 сакавіка беларусы будуць ушаноўваць памяць тых, хто насуперак цяжкім, неспрыяльным абставінам адстойваў іхную нацыянальную ідэнтычнасьць і незалежнасьць».