Міністэрства інфармацыі выклала абноўлены «Сьпіс друкаваных выданьняў, якія зьмяшчаюць інфармацыйныя паведамленьні і (або) матэрыялы, распаўсюд якіх здольны нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
Напярэдадні яго зацьвердзіла Рэспубліканская камісія па правядзеньні ацэнкі сымболікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі.
Міністэрства інфармацыі папярэджвае, што ў выпадку выяўленьня фактаў распаўсюду забароненых друкаваных выданьняў, уключаных у гэты сьпіс, яно будзе спыняць ліцэнзіі на продаж кніг.
У сьпіс з 35 кніг трапілі, сярод іншых:
- Нарыс гісторыі Беларусі (1795–2002). — Мн.: «Энцыклапедыкс», 2003. — 490 с.
- Тайны белорусской истории / Деружинский Вадим. — Минск: ФУАинформ, 2011. — 560 с.: илл. — (Неизвестная история).
- Цвірка, К. На скрыжалях вякоў: гістарычныя творы / Кастусь Цвірка. — Мінск: Харвест, 2018. — 560 с.
З жніўня 2020 году ўлады Беларусі скасавалі або прыпынілі ліцэнзіі практычна ўсіх незалежных выдаўцоў: «Медысонт», «Галіяфы», «Лімарыюс», «Кнігазбор», «Янушкевіч», выдавецтва Зьмітра Коласа і інш. Больш за дзясятак выдавецтваў і выдаўцоў выехалі зь Беларусі за мяжу.
Міністэрства інфармацыі Беларусі стварыла і вядзе «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», у які ўключаюць ня толькі ранейшыя публікацыі незалежных СМІ, але і мастацкую, гістарычную літаратуру.
Так, 15 кастрычніка ў яго ўключылі выбраныя творы Вацлава Ластоўскага, выдадзеныя ў сэрыі «Беларускi кнiгазбор» у 1997 годзе.
У канцы жніўня ў сьпіс уключылі тры кнігі гісторыка Ігара Мельнікава, асуджанага 13 верасьня на 4 гады пазбаўленьня волі за інтэрвію «Эўрарадыё».
У чэрвені ў сьпіс уключылі прадмову літаратуразнаўцы Язэпа Янушкевіча да двухтомніка «Драматычныя творы, вершаваныя аповесьці і апавяданьні» Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча.
Форум