Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ядзерная зброя. Ці завезьлі яе ў Беларусь? Расьсьледаваньне BelPol


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў прадставіла сваё расьсьледаваньне наконт ядзернай зброі ў Беларусі.

У відэа арганізацыя BelPol правяла агляд шэрагу публічных заяваў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі пра разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Указваецца на неадпаведнасьць многіх заяваў адна адной, дзіўныя акалічнасьці падпісаньня дакумэнтаў міністрамі абароны Беларусі і Расеі Віктарам Хрэніным і Сяргеем Шайгу.

Па месцы дысьлякацыі 465-й ракетнай брыгады, паводле сакрэтнага ўказу Лукашэнкі 2023 году, праходзіць маштабнае будаўніцтва, сьцьвярджае BelPol. Там будуецца казарма, спартовы цэнтар, склады і ангары. Адзін з ангараў пад Асіповічамі памерамі 92×24 мэтры.

BelPol паказаў схемы аб’ектаў, якія будуюцца.

«Такім чынам, у адным ангары разьмяшчаецца адзін ракетны дывізіён АТРК „Іскандэр“ у складзе дзьвюх батарэй», — сьцьвярджае ініцыятыва. «З улікам узьвядзеньня аднаго ангару для „Іскандэру“ ў 2023-м годзе і будаўніцтва ў 2024-м яшчэ двух гэтая вайсковая частка будзе мець тры ракетныя дывізіёны».

Пры гэтым арганізацыя выказвае сумневы, што гэта аўтаматычна азначае разьмяшчэньне ў Беларусі тактычная ядзернай зброі, бо штатнай зброяй у такіх ангарах зьяўляюцца ракеты зь няядзернай баявой часткай.

Раней комплексы «Іскандэр» Расея прадала Армэніі і Альжыру, пры гэтым, заўважае BelPol, ніхто гэтыя дзяржавы ня стаў лічыць «ядзернымі».

З дакумэнтаў, якія ўдалося здабыць ініцыятыве, вынікае, што рэканструкцыя вайсковай базы і пабудова некаторых аб’ектаў былі заплянаваныя даўно, задоўга да заяваў пра ядзерную зброю, а не як іх наступствы.

Яшчэ адным аргумэнтам, які, на думку BelPol, разьбівае прапаганду Лукашэнкі, зьяўляецца немагчымасьць разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі беларускай вайсковай часткі. Паводле ранейшай заявы Шайгу і згодна з дакумэнтамі, на тэрыторыі Беларусі ў такім выпадку павінна разьмяшчацца расейская вайсковая частка 12-га галоўнага ўпраўленьня Мінабароны Расеі. А ў згаданай беларускай вайсковай частцы пэўны адсотак пэрсаналу складаюць цывільныя асобы, што пасяляе яшчэ больш сумневаў у вэрсіі беларускай прапаганды.

На тлумачэньні аднаго зь відэа аўтары расьсьледаваньня паказваюць, што прапаганда Лукашэнкі імкнулася выдаць за ядзерную зброю на самалёце падвясны паліўны бак, а побач — вучэбная авіябомба. Гэта заўважылі і незалежныя СМІ.

Акрамя таго, у расьсьледаваньні сьцьвярджаюць, што ўсе прапагандысцкія рэпартажы па тэлевізіі ў Беларусі пра вучэньні з тактычнай ядзернай зброяй былі ня больш як актам застрашэньня, спробай паказаць Захаду сур’ёзнасьць намераў. Сапраўднай жа ядзернай зброі на гэтых вучэньнях не было.

У канцы расьсьледаваньня аўтары адзначаюць: на цяперагні момант няма ніякага доказу разьмяшчэньня расейскай тактычнай ядзернай зброі на беларускай зямлі. Тым болей няма ніякага пацьверджаньня словам самога Лукашэнкі пра тое, што Беларусь можа ёй распараджацца і мае да гэтага доступ.

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.

Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG