У Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй 17 траўня амбасада ЗША ўпершыню вывесіла вясёлкавы сьцяг у знак салідарнасьці з ЛГБТ-супольнасьцю.
«Так, амбасада вывешвала сьцяг, і гэта быў першы год», — паведамілі Радыё Свабода ў амбасадзе ЗША ў Менску.
Таксама 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, вясёлкавы сьцяг — міжнародны сымбаль ЛГБТ-супольнасьці — быў вывешаны над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску.
Праз гэта 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі выказала жаль.
«Як ні круці, але аднаполыя адносіны — гэта падробка. А сутнасьць падробкі заўсёды аднолькавая — абясцэньваньне ісьціны. ЛГБТ-супольнасьць і ўся гэтая барацьба за „свае правы“, і сам дзень супольнасьці — усяго толькі падробка!», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на афіцыйным сайце МУС.
Свой зварот МУС заканчвае словамі: «Мы за сапраўднае, яны ня пройдуць!».
Свабодзе пакуль не ўдалося высьветліць, ці адлюстроўвае гэты зварот афіцыйную пазыцыю ведамства. Тэлефоны прэсавай службы не адказваюць.
Дарадца па сувязях з грамадзкасьцю пасольства Вялікай Брытаніі ў Беларусі паведаміла Свабодзе, што амбасадарка Фіёна Гіб ня будзе камэнтаваць зварот МУС.
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак у камэнтары Свабодзе расцаніў публікацыю МУС як адназначна гамафобную.
21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За сапраўдную міліцыю для ўсіх». Ініцыятары нагадваюць, што з 1990 году гомасэксуальнасьць выключана зь Міжнароднай клясыфікацыі хвароб; цытуюць артыкул 6 закону Рэспублікі Беларусь «Аб органах унутраных спраў» — аб прамых абавязках міліцыі.
«Нідзе ў заканадаўстве не замацавана права органаў унутраных спраў выступаць з ідэалягічнымі камэнтарамі і даваць неправавыя ацэнкі асобным сытуацыям, замест выконваньня сваіх асноўных абавязкаў па папярэджаньні і раскрыцьці злачынстваў і дзейнасьці ў межах сваёй кампэтэнцыі», — падкрэсьліваюць ініцыятары звароту.
У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць падобных выказваньняў, а таксама прыбраць гэты матэрыял з сайту і ўстрымацца надалей ад камэнтароў падобнага кшталту. Сабраныя подпісы будуць накіраваныя ў МУС і Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь.