Ідэолягі Менгарвыканкаму сказалі «Нашай Ніве», што маюць сьпіс з 65 асобаў, якіх «трэба ўганараваць у тапаніміцы», і першымі ў сьпісе ідуць пісьменьнік Васіль Быкаў, мастак Міхась Савіцкі, паэты Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін.
Паводле менскіх уладаў, імёны Васіля Быкава, Міхася Савіцкага, Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна зьявяцца на мапе, «калі будуць пабудаваныя новыя вуліцы». Ці павінны быць такія вуліцы каля цэнтру, ці могуць быць і на ўскраіне гораду, не ўдакладнялася.
Але, дадалі ў Менгарвыканкаме, чарга можа «пасоўвацца»: так, да 100-годзьдзя памежных войскаў Беларусі (адзначаецца ў гадавіну ўтварэньня Віцебскай акругі памежнай аховы РСФСР) будучую вуліцу без чаргі назвалі ў гонар савецкага памежніка, дывэрсанта НКВД і кіраўніка выведнага аддзелу КДБ Яўгена Міркоўскага.
У бліжэйшы час у Менску маюць зьявіцца вуліцы, названыя ў гонар беларуска-савецкага кампазытара Ўладзімера Алоўнікава; беларускага навукоўца, аднаго з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі, міністра сельскай гаспадаркі БНР Аркадзя Смоліча, расстралянага бальшавікамі ў 1938 годзе; беларускага паэта Алеся Дудара, расстралянага бальшавікамі ў 1937 годзе; таксама парк імя дыплямата і былога старшыні Менгарвыканкаму Аляксандра Герасіменкі і парк імя кіргіскага пісьменьніка Чынгіза Айматава. Такія назвы Камісія па найменаваньні вуліц Менску прапанавала гарадзкому савету дэпутатаў.
Менгарвыканкам перапытваў Дзяржаўны камітэт па маёмасьці, ці нармальна гэта — называць парк імем Аляксандра Герасіменкі, калі ўжо ёсьць вуліца імя іншага чалавека з такім самым прозьвішчам — савецкага падпольшчыка Назара Герасіменкі. Там гарадзкім уладам патлумачылі, што гэта «не супярэчыць закону».
Цяпер у Менску няма ні вуліцы Васіля Быкава, ні вуліцы Рыгора Барадуліна, ні вуліц, названых у гонар іншых выдатных пісьменьнікаў Беларусі, за ўганараваньне якіх выступалі актывісты. А вуліца Караткевіча названая ў гонар не беларускага пісьменьніка, а савецкага падпольшчыка.