Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча ня хоча прысутнасьці пасла Вугоршчыны на інаўгурацыі старшынства ў ЭЗ


Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан. Ілюстрацыйнае фота
Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан. Ілюстрацыйнае фота

Польскі міністар замежных спраў Радослаў Сікорскі перадаў вугорскаму паслу ў Польшчы спэцыяльную ноту, зь якой вынікае, што ўдзел вугорскага пасла ва ўрачыстай інаўгурацыі польскага старшынства ў ЭЗ «не прадугледжаны», паведамляе польскі сайт Onet.pl.

З 1 студзеня Польшча ўзначаліла ЭЗ на шэсьць месяцаў, урачыстая інаўгурацыя польскага старшынства адбудзецца ўвечары 3 студзеня ў Варшаве, паведамляе польскі сайт Onet.pl.

Там чакаецца выступ старшыні Эўрапэйскай рады Антонію Кошты, прэм'ера Польшчы Дональда Туска, а таксама акрэдытаваных у Варшаве амбасадараў.

Пасла Вугоршчыны першапачаткова запрасілі на ўрачыстую інаўгурацыю старшынства Польшчы ў ЭЗ. Аднак, як паведамляе Onet, польскія ўлады выказалі нежаданьне бачыць вугорскага амбасадара на гэтай імпрэзе. Сікорскі, паводле зьвестак выданьня, накіраваў у вугорскае пасольства ў Варшаве ноту, у якой указваецца, што ўдзел вугорскага пасла ў цырымоніі «не прадугледжаны». Вугорцы могуць дэлегаваць на цырымонію дыплямата ніжэйшага рангу, але пакуль невядома, ці скарыстаюцца яны гэтай магчымасьцю, адзначае Onet.pl.

Першапачаткова вугорскага пасла запрасілі на цырымонію (некалькі тыдняў таму) і ён нават пацьвердзіў сваю прысутнасьць, паведамляе Rzeczpospolita.

У чым прычына дэмаршу

Раней стала вядома, што Вугоршчына дала палітычны прытулак польскаму дэпутату ад апазыцыі Марціну Раманоўскаму. Ён зьвярнуўся да ўраду Вугоршчыны па абарону нібыта «ў сувязі з палітычна матываванымі дзеяньнямі спэцслужбаў, якія прывялі, у тым ліку, да незаконнага пазбаўленьня яго волі і парушэньня міжнароднага права».

Суд выдаў эўрапэйскі ордэр на арышт дэпутата «Права і справядлівасьць» Марціна Раманоўскага. Былога віцэ-міністра юстыцыі цяпер шукаюць ня толькі ў Польшчы, але і ва ўсім Эўразьвязе.

Праз прадастаўленьне Вугоршчынай прыстанішча былому наместніку міністра юстыцыі Марціну Раманоўскаму адносіны паміж Польшчай і Вугоршчынай рэзка пагоршыліся.

Паводле выстаўленых абвінавачаньняў Раманоўскаму ў Польшчы пагражае да 25 гадоў турмы.

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан паведаміў, што рашэньне аб прадастаўленьні прытулку Раманоўскаму было прынята на аснове дэталёвай справаздачы аб стане правасудзьдзя ў Польшчы, падрыхтаванай вугорскім бокам. Орбан таксама намякнуў, што Раманоўскі можа быць не апошнім палякам, які папросіць прыстанішча ў Вугоршчыне.

Пасьля зьяўленьня інфармацыі аб прытулку Раманоўскаму МЗС Польшчы перадаў вугорскаму паслу ноту пратэсту, а польскі пасол у Вугоршчыне быў выкліканы ў Варшаву на кансультацыі. МЗС падкрэсьліў, што дзеяньні вугорскіх уладаў, якія абгрунтоўваюць прадастаўленьне прыстанішча «меркаваным палітычным перасьледам», зьяўляюцца абразьлівымі для грамадзян і ўлад Польшчы.

Польшча прымае старшынства ў Эўразьвязе менавіта ад Вугоршчыны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG