Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Берасьцейская» на Дзяржынскага: зацьвердзілі назвы станцыяў 4-й лініі менскага мэтро


Станцыя «Малінаўка», ілюстрацыйнае фота
Станцыя «Малінаўка», ілюстрацыйнае фота

Менгарвыканкам зацьвердзіў (PDF) назвы шэрагу праектаваных станцыяў 4-й лініі Менскага мэтрапалітэну.

У параўнаньні з папярэднім рашэньнем 2016 году, 4-я лінія стала кальцавой. Мэтро ў Чыжоўку, Серабранку і Ржавец ня пойдзе. Замест назвы «Менск-Мір» станцыі на месцы былога аэрапорту Менск-1 далі назву «Праспэкт Міру».

Іншыя новыя назвы станцыяў наступныя:

  • «Політэхнічная» (на скрыжаваньні вуліцы Якуба Коласа і Сурганава);
  • «Кіеўскі сквэр» (на скрыжаваньні Арлоўскай і Гая);
  • «Альшэўская» (на скрыжаваньні Альшэўскага і праспэкту Пушкіна);
  • «Цівалі» (на скрыжаваньні Прытыцкага і праспэкту Пушкіна);
  • «Тучынка» (на скрыжаваньні Панамарэнкі і праспэкту Пушніна);
  • «Берасьцейская» (на скрыжаваньні Ўманскай і праспэкту Дзяржынскага);
  • «Лякаматыўная» (каля чыгуначнага прыпынку «Сталічны»);
  • «Праспэкт Міру» (на яшчэ не збудаваным працягу вуліцы Жукоўскага);
  • «Козырава» (каля чыгуначнай станцыі «Менск-Паўднёвы».

У сярэдзіне 2017 году гарадзкія ўлады праводзілі апытаньне менчукоў наконт назваў некалькіх станцыяў. Сярод адхіленых варыянтаў, раней заяўленых уладамі: «Праспэкт Дзяржынскага» (цяпер «Берасьцейская»), «Жукава» (цяпер «Лякаматыўная»), Прытыцкага (цяпер «Цівалі»), «Дом друку» (цяпер «Друкарская»), «Арлоўская» (цяпер «Кіеўскі сквэр») і іншыя.

Пакуль у Менску будуецца толькі 3-й лінія — першыя 4 станцыі абяцаюць адкрыць у 2019 годзе. Тэрміны пачатку і завяршэньня будаўніцтва 4-й лініі не называюцца.

Нягледзячы на спрэчкі ў грамадзтве, 15 год таму Менгарвыканкам даў станцыі за «Пушкінскай» назву «Спартыўная» (спачатку прапаноўвалася «Ракаўская») і не перайменаваў станцыю «Плошча Леніна» на «Плошчу Незалежнасьці» (хоць плошчу над станцыяй перайменавалі яшчэ ў 1991-м).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG