Cузаснавальнік фонду ByHelp Аляксей Лявончык 3 студзеня заявіў пра пашырэньне праграмы дапамогі ўцекачам зь Беларусі ў новым годзе.
Паводле Лявончыка, калі раней на рэабілітацыю паводле мэдычных паказчыкаў маглі разьлічаць беларусы, якія спыніліся ў Польшчы, Літве ці Грузіі, дык цяпер праграма ахопіць беларусаў і ў іншых краінах Эўропы.
«Ужо зьнятыя пэўныя абмежаваньні выдзяленьня грашовай дапамогі, таму ў 2025 годзе мы зможам працаваць і дзеля тых уцекачоў, якія аказаліся ў іншых краінах», — патлумачыў Свабодзе Аляксей Лявончык.
Паводле Лявончыка, праграма рэабілітацыі прадугледжвае два асноўныя віды дапамогі. Гэта лекаваньне хваробаў, якія былі набытыя ў месцах зьняволеньня, і псыхалягічная рэабілітацыя.
Летась праграма рэабілітацыі ахапіла каля 200 чалавек, прыкладна столькі ж прайшлі рэабілітацыю ў 2023 годзе, паведаміў сузаснавальнік фонду ByHelp.
«Зараз можна будзе падавацца на рэабілітацыю ў нас, жывучы фактычна ў любой краіне Эўразьвязу. Канечне, фонд спачатку вывучае, якія ёсьць магчымасьці атрымаць мэдычную дапамогу празь дзяржаўныя крыніцы і структуры ў пэўнай краіне. Калі такой магчымасьці няма ці яна значна абмежаваная, уключаецца наш рэсурс.
Мы знаходзім магчымасьць атрымаць дапамогу праз прыватныя структуры. Цяпер зможам аказваць дапамогу і ў Гішпаніі, Італіі, дзе яна не такая дарагая. Але калі гаворка пра дарагія краіны, як Швайцарыя, тады будзем шукаць варыянты дапамогі ў іншым месцы.
Што тычыцца псыхалягічнай дапамогі, тут таксама нашы магчымасьці пашырыліся. Калі раней такая дапамога аказвалася онлайн, дык цяпер шмат у якіх краінах маем прафэсійных псыхолягаў, які прыехалі зь Беларусі і гатовыя дапамагчы суайчыньнікам у краіне іх пражываньня», — сказаў Аляксей Лявончык.
Акрамя мэдычнай рэабілітацыі, фонд ByHelp будзе надалей дапамагаць былым палітвязьням зь легалізацыяй і базавай інтэграцыяй у той краіне, дзе яны апынуліся:
«Вось як мы гэта робім у Польшчы: дапамагаем атрымаць індывідуальны нумар, падацца на міжнародную абарону, кансультуем у пытаньнях пошуку працы. Але калі сустракаюцца складаныя выпадкі, перадаём такія справы партнэрам. Прыкладам, у чалавека, які ўцёк, раней была забарона на ўезд, і разабрацца з гэтым нашага рэсурсу не хапае, тады перадаём ягоную справу партнэрам. Але каб зусім пакідаць чалавека без дапамогі — такога няма», — запэўніў Аляксей Лявончык.
Сузаснавальнік фонду ByHelp прызнаў, што пакуль нявырашанай праблемай застаецца аказаньне дадатковай дапамогі ўцекачам-пэнсіянэрам.
«Так, атрымаць пэнсію зь Беларусі ім не ўдаецца, а знайсьці працу ў новай для сябе краіне ім таксама больш складана, чым маладым. Гэта ўжо дастаткова вялікая група нашых суайчыньнікаў. Ім мы дапамагаем, як усім уцекачам, але на дадатковую дапамогу пакуль ня маем рэсурсаў. Магчыма, у будучыні нешта зьменіцца, нам усім трэба пра іх падумаць», — мяркуе Аляксей Лявончык.
Пры гэтым Аляксей Лявончык паведаміў, што ў 2025 годзе фонд павялічыць увагу да беларускіх добраахвотнікаў, якія абаранялі Ўкраіну.
«Тэставая праграма дапамогі стартавала летась, а сёлета, пры наяўнасьці попыту, зьбіраемся яе разьвіваць мэтанакіравана разам з партнэрамі», — сказаў валянтэр.
У 2024 годзе Аляксей Лявончык даведаўся пра завядзеньне ў Беларусі супраць яго ды шэрагу іншых валянтэраў завочнай крымінальнай справы. Пакуль, сказаў сузаснавальнік фонду ByHelp, яму вядома толькі пра рэкордную колькасьць выстаўленых фігурантам справы артыкулаў.
«Ведаю, што вінавацяць у парушэньні 16 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, і гэта своеасаблівы рэкорд. Але больш зьвестак атрымаць не ўдалося. Праз прадстаўніка зьвярнуўся да адваката, які нібыта прызначаны мяне абараняць, але адказу не атрымаў. Буду далей маніторыць гэтую справу. Трэба будзе даведацца прозьвішчы судзьдзі, пракурора, сьледчых, каб было да каго потым выставіць судовыя прэтэнзіі», — сказаў Аляксей Лявончык.
Форум