Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: у пытаньні палітвязьняў Канапацкая ідзе не далей за Лукашэнку


Ганна Канапацкая ў тэлевыступе на выбарах прэзыдэнта 2020 году
Ганна Канапацкая ў тэлевыступе на выбарах прэзыдэнта 2020 году

З 1 студзеня ў Беларусі пачаўся этап перадвыбарнай агітацыі. Як і кампанія ў цэлым, ідзе яна млява і непрыкметна. Бо ўсім зразумела, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў загадзя перадвызначаныя.

Сьцісла:

  • Сапраўдныя канкурэнтныя выбары Лукашэнка назваў «шоў», якое Беларусі не патрэбна.
  • Кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргей Сыранкоў і Алег Гайдукевіч выступаюць у ролі «ястрабаў». На іх тле Лукашэнка выглядае памяркоўным цэнтрыстам.
  • Ганьне Канапацкай у цяперашняй кампаніі адведзена роля канструктыўнай апазыцыі. Яна самай першай прэзэнтавала сваю выбарчую праграму.
  • Канапацкая заклікае не да вызваленьня палітвязьняў, а толькі да «зьмякчэньня пакараньня».

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы 3 студзеня са сваімі даверанымі асобамі адзначыў, што Беларусі «не патрэбна шоў». Так ён называе канкурэнтныя выбары з рэальнай перадвыбарнай барацьбой.

«Так, у іх гэта шоў. У нас няма, у нас выбары — сур’ёзнае мерапрыемства», — заявіў Лукашэнка.

І дзеля дэманстрацыі сур’ёзнасьці даручыў далучыць да выбарчай кампаніі міліцыю і вайскоўцаў.

З тых публічных прэзэнтацый, якія ўжо адбыліся, можна зрабіць выснову, што лідэр камуністаў Сяргей Сыранкоў і старшыня ЛДП Алег Гайдукевіч будуць выступаць падчас выбарчай кампаніі ў ролі «ястрабаў»: яны заклікаюць да больш жорсткай палітыкі адносна ўнутраных і вонкавых ворагаў. Першы сакратар КПБ скептычна ставіцца да памілаваньня палітвязьняў, бо іх раскаяньне, маўляў, няшчырае.

«Маецца мноства фактаў, калі асобы, якія выйшлі з турмаў, асуджаныя за экстрэмізм, пасьля выяжджалі за мяжу і далучаліся да экстрэмісцкіх арганізацый», — кажа Сыранкоў.

Таксама ён выступае за больш жорсткія дзеяньні спэцслужбаў у дачыненьні да «экстрэмістаў» і заклікае забраць усю іхную ўласнасьць на карысьць шматдзетных сем’яў.

Гайдукевіч на выбарчым плякаце паказвае кукіш усім ворагам, гэтаму спадарожнічаюць лёзунгі «Беларусь не аддамо!», «Не дачакаюцца!» У прынцыпе, на гэтым грунтуецца ўся яго праграма.

На тле такіх «ястрабаў» Лукашэнка выглядае ўмераным цэнтрыстам.

У гэтым кантэксьце пэўную цікавасьць выклікае пазыцыя Ганны Канапацкай, якой у цяперашняй кампаніі адведзена роля канструктыўнай апазыцыі. Яна самая першая прэзэнтавала сваю перадвыбарную праграму. На што варта зьвярнуць увагу?

Там ёсьць пэўная крытыка цяперашняй палітыкі рэжыму. Канапацкая піша:

«Няздольнасьць эфэктыўна спраўляцца зь бягучымі выклікамі падарвала аўтарытэт нашай краіны ў сьвеце і сярод найбліжэйшых суседзяў... Доўгія гады існаваньня ў камфортных умовах савецкай эканамічнай спадчыны — у камандна-адміністрацыйнай форме кіраваньня — прывялі да нізкай эфэктыўнасьці і няўстойлівасьці выбудаванай аграрна-прамысловай мадэлі. Нэгатыўныя наступствы такой эканамічнай палітыкі пачынаюць праяўляцца ўсё больш прыкметна».

Ёсьць прапановы, якія выходзяць за межы дзейнай Канстытуцыі. Канапацкая лічыць, што варта перайсьці да парлямэнцкай рэспублікі, зьнізіць прэзыдэнцкі тэрмін да чатырох гадоў, увесьці прыватную ўласнасьць на зямлю.

А што кажа Канапацкая наконт галоўнага грамадзка-палітычнага пытаньня сёньняшняй Беларусі — рэпрэсій і вызваленьня палітвязьняў? Адзін зь вядомых чальцоў каманды кандыдаткі ў прэзыдэнты, яе давераная асоба Сяргей Вазьняк у фэйсбуку анансаваў прынцыповую пазыцыю ў гэтым пытаньні.

«Дарэчы, яна будзе гаварыць яшчэ і пра тое, што неабходна забясьпечыць магчымасьць вяртаньня ў Беларусь без усялякіх папярэдніх умоваў вымушаных эмігрантаў», — пісаў Вазьняк.

А вось што напісана ў праграме Канапацкай:

«Наданьне ўмоваў для вяртаньня і забесьпячэньне гарантыяў для сем’яў і асобаў, якія пакінулі краіну з эканамічных, палітычных ці іншых матываў».

Дык атрымліваецца, паводле Канапацкай, усё ж нейкія ўмовы павінны быць? То і Лукашэнка заклікае вяртацца, але выстаўляе ўмовы: пакайцеся, адсядзіце за кратамі паложаны тэрмін і потым жывіце пад кантролем КДБ.

Вазьняк анансаваў, што Ганна Канапацкая ўключыла ў перадвыбарную праграму патрабаваньне аб вызваленьні палітвязьняў. Але ў праграме запісана іншая фармулёўка:

«Зьмякчэньне пакараньня з максымальна магчымым прымяненьнем амністыі і памілаваньня ў адносінах да асоб, якія прыцягнуты да адказнасьці за падзеі папэрэдняга электаральнага цыклю».

Значыць, гаворка ідзе не пра вызваленьне палітвязьняў, а ўсяго толькі пра «зьмякчэньне пакараньня». З гэтага вынікае, што ў неабходнасьці самога пакараньня апанэнтаў рэжыму ў Канапацкай сумневу няма. І гэта зразумела, бо, паводле ейнай заявы, яна так ацэньвае дзейнасьць палітычных апанэнтаў рэжыму:

«Па-першае, ніякая гэта не апазыцыя, а зборышча самазванцаў і махляроў. Па-другое, яны імкнуцца ўцягнуць максымальную колькасьць беларусаў у дзейнасьць, якая падпадае пад крымінальную і адміністрацыйную адказнасьць».

Значыць, за апазыцыйную дзейнасьць трэба прыцягваць да крымінальнай адказнасьці: тут Ганна салідарная з уладамі. Таму і не заклікае да спыненьня палітычных рэпрэсій. Канапацкая выступае ўсяго толькі за «зьмякчэньне пакараньня». Дык Лукашэнка нібыта і «зьмякчае»: летась памілаваў больш за 200 палітвязьняў. За што дзяржаўныя мэдыя абвясьцілі яго вялікім гуманістам.

Такім чынам, у пытаньні палітвязьняў Канапацкая ідзе не далей за тое, што робіць Лукашэнка. І тут Вазьняк са сваімі анонсамі апынуўся далёка ад рэальнасьці.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
  • 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG