Спэцыяльны пракурор ЗША Робэрт Мюлер, які расьсьледуе справу аб магчымым умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў 2016 годзе, можа выставіць абвінавачваньні расейцам ва ўзломе сэрвэраў Дэмакратычнай партыі ЗША.
Пра гэта паведамляе NBC News са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі прэзыдэнта ЗША. Паводле дадзеных тэлеканалу, абвінавачваньні будуць тычыцца грамадзян, якія маюць дачыненьне да крадзяжу электронных лістоў і перадачы іх Wikileaks.
Суразмоўцы NBC News расказалі, што ў сваіх абвінавачваньнях Мюлер мае намер абапірацца на сакрэтныя дадзеныя, атрыманыя ад ЦРУ, ФБР, Агенцтва нацыянальнай бясьпекі і міністэрства ўнутранай бясьпекі.
некаторыя суразмоўцы NBC News мяркуюць, што абвінавачваньні расейцам так і ня будуць выстаўленыя
Крыніцы тэлеканалу адзначаюць, што Мюлер даўно мае зьвесткі для выстаўленьня абвінавачваньняў, аднак марудзіць з прыняцьцем рашэньня. Сьцьвярджаецца, што офіс спэцыяльнага пракурора працягвае разьбірацца ў дэталях і вывучаць падазраваных.
У сувязі з гэтым некаторыя суразмоўцы NBC News мяркуюць, што абвінавачваньні расейцам так і ня будуць выстаўленыя.
Прадстаўнік спэцыяльнага пракурора адмовіўся камэнтаваць сытуацыю.
Сэрвэры Дэмакратычнай партыі ЗША зазналі кібэратакі ў красавіку 2016 году. У выніку некалькі тысяч канфідэнцыйных лістоў былі апублікаваныя на сайце WikiLeaks. Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад дэмакратаў Гілары Клінтан абвінаваціла ў атацы Расею.
У ЗША вядзецца расьсьледаваньне верагоднага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў гэтай краіне. У пачатку жніўня 2016 году спэцыяльны пракурор ЗША Робэрт Мюлер склікаў вялікую калегію прысяжных для расьсьледаваньня «расейскага сьледу».
Мюлер высьвятляе, ці мела месца змова штабу Трамп з Крамлём з мэтай падарваць пазыцыі суперніка Трампа ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан. Масква адмаўляе, што зьвярталася па дапамогу да хакераў для абраньня Дональда Трампа прэзыдэнтам ЗША.