Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі генэтык: «У нас шмат хто здольны прыдумляць прарыўныя тэхналёгіі. Праблема з камунікацыяй»


Анна Казлова
Анна Казлова

Залішняя бюракратыя ў навуцы мае два бакі: яна добра працуе ў стабільным асяродзьдзі, але пачынае тармазіць, калі нарастае неабходнасьць хуткіх пераменаў. Так лічыць малады генэтык Анна Казлова, якая тлумачыць Свабодзе, чаму праславутае «стабільна дрэнна» лепш за некіраваны хаос.

Анна Казлова — беларуская дасьледчыца, мэнэджэр навуковых праектаў, малекулярны генэтык. Скончыла факультэт экалягічнай мэдыцыны Міжнароднага дзяржаўнага экалягічнага ўнівэрсытэту імя Сахарава. Працавала ў Менску навуковым супрацоўнікам НДІ фізычнай культуры і спорту, Рэспубліканскага НПЦ спорту. Як тлумачыць сама Анна, яна прыняла рашэньне зладзіць сабе «gap year» — узяла паўзу на год ад навукойвай дзейнасьці і цяпер працуе ў маскоўскім Цэнтры генэтычнай і рэпрадуктыўнай мэдыцыны Genetico.

— Наколькі цяперашнія ўмовы для навуковай дзейнасьці задавальняюць вас?

— Спэцыфіка любой дзейнасьці ўнутры Беларусі — навуковай, прадпрымальніцкай, сацыяльнай — зьвязаная з высокай інэртнасьцю асяродзьдзя. І, як ні дзіўна, гэта адначасова і слабы, і моцны бок.

Постсавецкае грамадзтва (і, у прыватнасьці, навуковае асяродзьдзе) вельмі моцна забюракратызаванае. Але трэба разумець, што бюракратыя добра працуе ў стабільным, высокаканкурэнтным і недыфэрэнцыяваным асяродзьдзі. Як толькі нарастае хуткасьць пераменаў у грамадзтве, як толькі навукова-тэхнічны прагрэс дасягае такога ўзроўню, што дазваляе, з аднаго боку, аўтаматызаваць рутынныя задачы, а з другога — ставіць вельмі шмат новых нестандартных задач, бюракратыя пачынае вельмі моцна тармазіць выкананьне гэтых нестандартных задач.

Паколькі ўсе навуковыя дасьледаваньні зьвязаныя зь неабходнасьцю хутка прымаць рашэньні, агульная запаволенасьць, нават марудлівасьць сыстэмы можа стаць сур’ёзнай праблемай. Для сфэры маіх навуковых інтарэсаў гэта асабліва актуальна: мы бачым, што біятэхналёгіі ва ўсім сьвеце разьвіваюцца проста шалёнымі тэмпамі!

Наша «стабільнасьць», абумоўленая інэртнасьцю сыстэмы, не такі ўжо і дрэнны складнік

А з другога боку, наша «стабільнасьць», абумоўленая, па сутнасьці, той жа самай інэртнасьцю сыстэмы, — не такі ўжо і дрэнны складнік. У адрозьненьне ад многіх іншых краін, мы можам дакладна сказаць, што калі гэты непаваротлівы каток накіраваць у бок паляпшэньня, то ён туды і паедзе, а ня будзе ўвесь час некуды збочваць.

Зь беларускай «стабільнасьці» традыцыйна прынята шмат кпіць, але ў рэчаіснасьці чалавеку па-за межамі навуковага асяродзьдзя цяжка ўявіць, наколькі праславутае «стабільна дрэнна» лепш за некіраваны хаос. Любыя праекты ў фундамэнтальнай навуцы доўгатэрміновыя, і мала што так тармозіць цэлыя прарыўныя вобласьці, як няўпэўненасьць у заўтрашнім дні.

— Ці можна ва ўмовах Беларусі рабіць прарыўныя рэчы? Беларуская школа генэтыкі вядомая на ўвесь сьвет. Як удаецца трымаць такі ўзровень?

— Сучасны сьвет вельмі моцна адрозьніваецца ад таго, да якога належала «знакамітая беларуская школа генэтыкі». Савецкая навука і яе ідэалёгія ізаляцыянізму заўсёды была пабудаваная на тым, што калі мы ня зробім свае прасы і пыласосы, нам не дадуць прасаў і пыласосаў! Але...

Па-першае, сёньня прарыўныя навуковыя распрацоўкі спансуюцца ня толькі дзяржпраграмамі і вайскоўцамі, а яшчэ ў вялікай ступені і камэрцыйнымі кампаніямі, якія зацікаўленыя ў пашырэньні рынку і ў глябальнай прысутнасьці.

А па-другое, час вучоных-адзіночак прайшоў: сучасная навука (менавіта навука, а не перайманьне ўжо створаных тэхналёгій) каштуе даволі дорага. Рэалізаваць велізарныя навукова-тэхналягічныя праекты можа толькі жывая і эфэктыўная глябальная навуковая супольнасьць. Дасягненьні кожнага асобнага навуковага калектыву на фоне разьвіцьця навукі ў цэлым могуць аказацца прарыўнымі, але ў маштабе навукі гэта заўсёды крокі вельмі невялікія.

Сёньня прарыўныя тэхналёгіі можна распрацоўваць практычна ў любых умовах, і Беларусь выдатна гэта паказвае на прыкладзе IT

Яшчэ адно важнае адрозьненьне нашага часу ў тым, што, на самай справе, у сучасным сьвеце можна распрацоўваць прарыўныя тэхналёгіі практычна ў любых умовах, і Беларусь выдатна гэта паказвае на прыкладзе IT. У той новай рэальнасьці, у якой мы жывём, самыя цікавыя дасьледаваньні знаходзяцца на скрыжаваньні розных абласьцей ведаў і падыходаў, і міждысцыплінарны падыход — самая плённая стратэгія. Калі мы гаворым пра генэтыку, то гэта каапэрацыя інфармацыйных тэхналёгій зь біятэхналёгіямі пярэдняга краю.

— Што трымае маладых навукоўцаў у Беларусі, калі на Захадзе ўмовы для навукі лепшыя?

— На жаль, усёмагутнасьць глябальнай навукі ня ўсюды праяўляецца раўнамерна. У адных навуковых цэнтрах ты можаш «адсэквэнаваць» усіх людзей, мышэй, бананы вакол — проста таму, што такія твае навуковыя прыхільнасьці. У іншых ліміт магчымасьцяў — гэта нават не распрацоўваньне, а адаптацыя чужых тэхналёгій, якія ўжо існуюць. Часьцей за ўсё кажуць пра тое, што навукоўцы зьяжджаюць за мяжу выключна дзеля высокіх заробкаў. Але, вядома, гэта не зусім так.

Часта кажуць, што навукоўцы зьяжджаюць за мяжу выключна дзеля высокіх заробкаў. Але гэта не зусім так

Для таго каб рэалізаваць вялізныя навукова-тэхналягічныя праекты, так ці інакш неабходна быць часткай глябальнага навуковага асяродзьдзя. Прарыўныя галіны навукі вельмі дарагія, рэсурсазатратныя. Але важна разумець, што гэты рэсурс ня зводзіцца выключна да фінансаваньня дасьледаваньняў. Гэта яшчэ інфраструктура, лягістыка, камунікацыя, экспэртыза.

У прыватнасьці, у заходнім грамадзтве даволі доўга і актыўна разьвівалася камунікацыя паміж сьветам навукі і зьнешнім сьветам (чаго зусім не было ў савецкім грамадзтве).

На постсавецкай прасторы даволі шмат людзей, здольных прыдумляць

У нас праблема з тым, каб прадаць тэхналёгію інвэстару, абараніць бюджэт праекту, пераканаць грамадзтва, што распрацоўка пэрспэктыўная

прарыўныя тэхналёгіі. А калі трэба прадаць гэтую тэхналёгію інвэстару, абараніць бюджэт праекту, пераканаць грамадзтва, што нейкая распрацоўка карысная і пэрспэктыўная — тут, акрамя эфэктыўнага прыцягненьня рэсурсаў у навуку, неабходная і эфэктыўная камунікацыя.

А з гэтым у нас праблема. У пэўным сэнсе, уменьне зразумела і пераканаўча расказаць, чаму тое, чым ты займаесься, важна, — ключавое для выжываньня навукі: каб атрымліваць фінансаваньне, каб прыцягваць у навуку новых людзей, урэшце — каб натоўп не ўварваўся да цябе праз вокны зь віламі і паходнямі.

Як рэалізавацца на заробак 250 рублёў? Інтэрвію з вучоным, якога не запрасілі на зьезд з Лукашэнкам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG