Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмія навук Беларусі: У нас няма Нобэлеўскіх ляўрэатаў, бо беларусы надта сьціплыя


Уладзімер Гусакоў, архіўнае фота
Уладзімер Гусакоў, архіўнае фота

Старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ўладзімер Гусакоў сказаў, што навукоўцам НАН толькі сьціпласьць не дае атрымаць Нобэлеўскую прэмію, перадае БелаПАН.

«Чаму да гэтага часу ў нас не было нобэлеўскіх ляўрэатаў, — казаў Гусакоў, — дык гэта празь сьціпласьць беларусаў, а не таму, што ў нас няма працаў аналягічных і раўназначных. Калі мы аналізуем працы, якія прайшлі, то бачым, што ў нас ёсьць значна лепшыя і мацнейшыя».

Гусакоў заявіў, што цяпер навукоўцам НАН ставіцца задача «адкінуць лішнюю сьціпласьць» і вылучацца на Нобэлеўскую прэмію «нароўні з прэтэндэнтамі зь іншых краінаў».

Пакуль Нобэлеўскай прэміяй уганаравалі толькі аднаго грамадзяніна Беларусі — Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры ў 2015 годзе. Але ў 2000 годзе Нобэлеўскую прэмію па фізыцы атрымаў народжаны ў Віцебску грамадзянін Расеі Жарэс Алфёраў; у 1994-м Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў былы кіраўнік Ізраіля Шымон Пэрэс, якога ў вёсцы Вішнева Менскай вобласьці ведалі як Сямёна Пэрскага; у Пінскай гарадзкой рэальнай вучэльні навучаліся ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру 1978 году Мэнахем Бэгін і Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы 1971 году Сайман Кузьнец...

Гусакоў дадаў, што навукоўцы НАН працуюць над палепшаным прататыпам электрамабіля на базе Geely SC7, які «будзе запатрабаваны і праз 3–5 год», і над супэркандэнсатарам, які дазволіць электрамабілю праяжджаць на адным зарадзе 1000 км (а ня 100 км, як першапачаткова анансаваны беларускі электрамабіль, і ўдвая больш за самую ёмістую Tesla).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG