Лідэр Дэмакратычнай партыі ў Сэнаце Чак Шумэр заявіў, што Трамп не павінен «умешвацца ў працу спэцыяльнага пракурора». Іншыя сэнатары перасьцераглі Трампа перад памілаваньнем абвінавачаных.
Занепакоеныя тым, што прэзыдэнт можа нанесьці зваротны ўдар пасьля расьсьледаваньня Мюлера ў сувязі з умяшаньнем Расеі ў выбары ў ЗША, дэмакраты паспрабавалі ўсталяваць правілы, якія прэзыдэнт не павінен парушаць у сувязі з расьсьледаваньнем, перадае Associated Press. Некаторыя рэспубліканцы ў Кангрэсе выступілі з аналягічнымі заявамі. Напрыклад, сэнатар-рэспубліканец Боб Коркер, пастаянны крытык Трамп, заявіў, што «ня можа нават уявіць сабе» магчымасьць звальненьня Мюлера Трампам.
Паводле абвінавачаньняў, выстаўленых былому старшыні кампаніі прэзыдэнта Дональда Трампа Полу Манафорту і яго бізнэс-партнэру Рыку Гейтсу, ім могуць пагражаць дзесяцігадовыя тэрміны ў фэдэральнай турме і мільёны даляраў магчымых штрафаў, калі яны будуць асуджаныя па ўсіх пунктах фэдэральнага абвінаваўчага заключэньня, апублікаванага 30 кастрычніка. Паводле Associated Press, Манафорту пагражае да 80 гадоў пазбаўленьня волі. Гейтсу, які таксама працаваў у кампаніі Трампа, да 70 гадоў.
Пракуроры сьцьвярджаюць, што Манафорт і Гейтс працавалі незарэгістраванымі агентамі ўраду Украіны і «Партыі рэгіёнаў», адмывалі грошы, атрыманыя ад яго і ўхіляліся ад падаткаў.
У абвінаваўчым заключэньні гаворыцца, што да 75 мільёнаў даляраў паступілі праз замежныя рахункі, кантраляваныя гэтымі двума амэрыканцамі. Мяркуецца, што Манафорт адмыў больш за 18 мільёнаў даляраў, якія ён выкарыстаў для куплі нерухомасьці і тавараў у Злучаных Штатах. Мяркуецца, што Гейтс атрымаў больш за 3 мільёны долараў на кантраляваныя ім рахункі.
Манафорт і Гейтс былі адпушчаныя з суду пад заклад і зьмешчаныя пад хатні арышт. Яны не прызналі сябе вінаватымі. Былы дарадца Трампа Джордж Пападопулас прызнаў сябе вінаватым у тым, што ён хлусіў агентам ФБР, калі яго пыталі пра расейскія кантакты.