Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны ЗША прыбыў ва Ўкраіну для перамоваў аб вайсковай супрацы


Міністар абароны ЗША Джым Мэтыс (зьлева) і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, архіўнае фота 20 чэрвеня 2017 году
Міністар абароны ЗША Джым Мэтыс (зьлева) і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, архіўнае фота 20 чэрвеня 2017 году

Вайсковае ведамства ЗША ўхваляе пастаўкі Кіеву ўзбраеньня летальнага характару, але з гэтай прапановай пакуль не пагадзіўся прэзыдэнт Трамп.

Міністар абароны ЗША Джым Мэтыс прыбыў ва Ўкраіну для перамоваў аб пашырэньні падтрымкі Злучанымі Штатамі ўкраінскіх узброеных сілаў у іхнай барацьбе з прарасейскімі сэпаратыстамі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Кіеў спадзяецца атрымаць ад ЗША ўзбраеньне сьмяротнага характару, уключаючы процітанкавую і зэнітную зброю, каб супрацьстаяць сэпаратыстам, што акупавалі значныя тэрыторыі на ўсходзе Ўкраіны.

Хоць Пэнтагон падтрымаў гэты крок, характарызуючы прапанаванае ўзбраеньне як «абарончае», прэзыдэнт Дональд Трамп пакуль не ўхваліў гэтай прапановы, баючыся, што пастаўкі могуць прывесьці да эскаляцыі канфлікту.

Як чакаецца, на сустрэчах зь міністрам абароны Ўкраіны Сьцяпанам Паўтаракам і прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам сёньня, 24 жніўня, Мэтыс паабяцае, што Вашынгтон будзе і далей аказваць падтрымку нелетальнага характару, і зноў заявіць аб непрыманьні расейскай анэксіі Крыму ў 2014 годзе.

Тым ня менш урад Украіны па-ранейшаму спадзяецца на даставы больш дасканалай зброі са Злучаных Штатаў.

«З самага першага дня расейскай агрэсіі мы зьвярталіся да ўсіх краінаў сьвету з просьбай аказаць нам дапамогу ў выглядзе лятальнай зброі. Пакуль толькі Літва аказала нам такую дапамогу, — сказаў Паўтарак у гутарцы з журналістамі ў Кіеве ў сераду. — Мы працягваем чакаць і гатовыя атрымаць лятальную зброю. Але гэтае рашэньне залежыць не ад нас, а ад нашых краінаў-партнэраў. Мы вельмі спадзяёмся на такую падтрымку».

У Вашынгтоне рэспубліканскі сэнатар Джон Маккейн выступіў з новымі заклікамі аказаць Украіне дапамогу летальнага характару.

«Злучаным Штатам даўно пара аказаць Украіне абарончую дапамогі летальнага характару, у якой яна мае патрэбу для стрымліваньня і абароны ад далейшага расейскай агрэсіі», — заявіў у сераду Маккейн, старшыня ўплывовага камітэту Сэнату па ўзброеных сілах.

Пасьля зьмены курсу ў Аўганістане ў Трампа «цяпер ёсьць такая ж магчымасьць у дачыненьні да Ўкраіны», адзначыў сэнатар.

Уплывовы рэспубліканец з Арызоны падкрэсьліў, што пастаўкі зброі Ўкраіне «не супярэчаць мірнаму ўрэгуляваньню канфлікту, а маюць вялізнае значэньне для яго дасягненьня».

«Пакуль захоўваецца статус-кво, у Расеі няма прычын зьмяняць свае паводзіны, і мы павінны чакаць толькі новага гвалту і новых сьмерцяў», — сказаў ён.

Канфлікт паміж прарасейскімі сэпаратыстамі і ўкраінскімі войскамі пачаўся ў 2014 годзе, калі прарасейскія сілы акупавалі асобныя тэрыторыі на ўсходзе Ўкраіны, і забраў жыцьці больш як 10 тысяч чалавек.

Ён таксама стаў адной з галоўных прычын напружанасьці ў стасунках паміж Вашынгтонам і Масквой. ЗША ўвялі супраць Расеі жорсткія эканамічныя санкцыі ў сувязі з анэксіяй Крыму і падтрымкай украінскіх сэпаратыстаў.

Украінска-расейскі канфлікт стаў выклікам для прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Выступаючы ў Варшаве ў ліпені, Трамп крытыкаваў Расею за яе «дэстабілізуючыя» дзеяньні ва Ўкраіне. Але пакуль ён не пагадзіўся з рэкамэндацыямі Пэнтагону аб пашырэньні вайсковай падтрымкі Ўкраіны, уключаючы даставы абарончай зброі.

У панядзелак Парашэнка з аптымізмам казаў аб заплянаванай размове з Мэтысам.

«Я ўпэўнены, што гэтыя перамовы будуць мець надзвычай важнае значэньне для ўмацаваньня абараназдольнасьці нашай дзяржавы. Бо ў бядзе пазнаюцца сапраўдныя сябры», — сказаў ён.

У чацьвер Мэтыс прыме ўдзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 26-й гадавіны незалежнасьці Ўкраіны ад Расеі.

Цяперашні ўрад Украіны ставіць сваёй мэтай уступ краіны ў NATO і разьлічвае на ўмацаваньне супрацы ў сувязі з гэтым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG