Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Сейма Літвы: мы ня можам называць працэс, які будзе адбывацца ў Беларусі, выбарамі


Сьвятлана Ціханоўская і Саўлюс Сквярняліс падчас сустрэчы ў Вільні 7 студзеня
Сьвятлана Ціханоўская і Саўлюс Сквярняліс падчас сустрэчы ў Вільні 7 студзеня

Пра гэта Саўлюс Сквярняліс заявіў журналістам пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай.

Старшыня Сейму Літвы Саўлюс Сквярняліс лічыць, што называць маючае адбыцца галасаваньне ў Беларусі выбарамі нельга.

«Магчыма, самы галоўны пасыл у тым, што мы ня можам называць працэс, які будзе адбывацца ў Беларусі, выбарамі», — цытуе сьпікера Сейму Літвы сайт Delfi.lt.

Сквярняліс адзначыў, што ня трэба чакаць, «пакуль пройдзе гэты фарс», каб прымаць нейкія палітычныя рашэньні, і ўжо цяпер можна канстатаваць, што да выбараў тое, што мае адбыцца, ня мае дачыненьня. Паводле Сквярняліса, Лукашэнка вырашыў легітымізаваць сваю ўладу яшчэ на пяць гадоў.

Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы са Сквярнялісам заявіла, што ў Беларусі цяпер нельга правесьці сумленныя выбары.


«Тое, што адбудзецца ў Беларусі напрыканцы студзеня, ня мае ніякага дачыненьня да выбараў. У краіне, дзе ліквідаваныя ўсе сродкі масавай інфармацыі, усе партыі ліквідаваныя, а палітычныя лідэры сядзяць у турме ці зьехалі за мяжу, немагчыма правесьці сумленныя выбары», — сказала яна.

Паводле яе, галасаваньне — «рытуал Лукашэнкі». Ціханоўская заявіла, што чакае ад Сейму рашэньня аб непрызнаньні выбараў.

«Вядома, мы заклікаем нашых дэмакратычных партнэраў не прызнаваць гэтых так званых выбараў. Беларусам ня трэба нічога тлумачыць, таму што пасьля гэтага рытуалу Лукашэнка ня будзе легітымным у вачах народу», — заявіла яна.

Падчас сустрэчы зь беларускай дэмакратычнай лідэркай сьпікер літоўскага парлямэнту таксама заклікаў не пагаршаць умовы для беларусаў у Літве. Камэнтуючы прапанову ўраду працягнуць дзеяньне нацыянальных санкцый супраць грамадзян Расеі і Беларусі да 2 траўня 2026 году, Сквярняліс заявіў, што ня бачыць патрэбы ўзмацняць іх строгасьць.

Паводле палітыка, неабходна захаваць цяперашні стан рэчаў, каб беларусы, якія жывуць сёньня ў Літве, маглі будаваць пляны на будучыню і лепш інтэгравацца ў жыцьцё дзяржавы. Саўлюс Сквярняліс лічыць, што, калі б беларускія ўцекачы ад рэжыму бачылі сваю будучыню ў Літве, то іх інтэграцыйныя працэсы таксама працякалі б значна хутчэй.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG